Пракуратура ў Расеі абскардзіла вызваленьне з калёніі асуджанага ў Віцебску бацюшкі-сутэнэра

Суд над Мікалаем Кірэевым, 2017 год

Пракуратура Ленінградзкай вобласьці абскардзіла рашэньне мясцовага абласнога суду, дзякуючы якому вызвалілі асуджанага ў Віцебску сьвятара Мікалая Кірэева.

Як нагадваюць «Народныя навіны Віцебска», 47-гадовы бацюшка спрабаваў вывезьці беларускіх дзяўчат у Расею для занятку прастытуцыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскаму сьвятару, які вэрбаваў прастытутак у Віцебску, прысудзілі 5,5 году калёніі

Новае рашэньне наконт Кірэева будзе прынятае Касацыйным судом агульнай юрысдыкцыі, справа туды ўжо паступіла.

Сьвятар з Усяволаскага раёну Ленінградзкай вобласьці быў асуджаны судом Чыгуначнага раёну Віцебску на 5,5 года пазбаўленьня волі за спробу вывезці зь Беларусі ў Санкт-Пецярбург дзьвюх дзяўчат для заняткаў прастытуцыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі адмянілі прысуд сьвятару РПЦ, якога ў Беларусі асудзілі за сутэнэрства

Аднак празь некаторы час пасьля таго, як Кірэева на ягонае хадайніцтва пераправілі адбываць тэрмін у расейскую калёнію, сьвятара-сутэнэра нечакана вызвалілі.