Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскаму сьвятару, які вэрбаваў прастытутак у Віцебску, прысудзілі 5 год 6 месяцаў калёніі з канфіскацыяй


Падсудны ў клетцы

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебска 14 кастрычніка абвясьцілі вырак расейскаму праваслаўнаму сьвятару айцу Мікалаю (Кірэеву). Яго прызналі вінаватым у замаху на арганізацыю заняткаў прастытуцыяй з вывазам асобы за межы дзяржавы. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Кірэеву прысудзілі 5 год і 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Яшчэ да абвяшчэньня прысуду Кірэеў зьвярнуўся да журналістаў і заявіў, што нікога не вывозіў, а толькі сам спрабаваў выехаць у Расею. Пасьля абвяшчэньня прысуду ён заявіў, што з выракам ня згодны і будзе яго абскарджваць.

Датычнасьць Кірэева да вэрбаваньня прастытутак пацьвердзіла ягоная былая саўдзельніца, 19-гадовая жыхарка Таджыкістану, якая цяпер адбывае пакараньне за сутэнэрства. Як высьветлілася, расейскі сьвятар заахвочваў жанчын займацца прастытуцыяй ужо не ўпершыню.

Судзьдзя зачытвае вырак
Судзьдзя зачытвае вырак

Айца Мікалая, жыхара пасёлку імя Марозава Ўсеваласкага раёну Ленінградзкай вобласьці, затрымалі ў Віцебску 3 жніўня. Сьледзтва выявіла, што ярэй храма Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (пазьней, ужо калі ён быў пад сьледзтвам, Мікалая Кірэева адхілілі ад царкоўнай службы) спрабаваў вывезьці ў Санкт-Пецярбург для заняткаў прастытуцыяй дзьвюх жыхарак Віцебску — 20 і 30 гадоў. Сьледчыя высьветлілі, што вэрбаваньне шляхам угавораў і абяцаньняў адбывалася праз інтэрнэт: сьвятар перапісваўся з жанчынамі на працягу красавіка — жніўня 2017 году. Але давесьці свой намер да канца ня змог, бо разам з жанчынамі яго затрымалі пры пасадцы ў аўтобус «Віцебск — Санкт-Пецярбург».

Сьвятар раней ужо вэрбаваў беларусак

Як высьветлілася, спроба вэрбаваньня прастытутак у расейскага сьвятара была ня першая. Падобным чынам у студзені-лютым 2017 году ён вэрбаваў жыхарак Гомля. Злачынства тым разам таксама ўдалося прадухіліць: пасярэдніцу Кірэева, грамадзянку Таджыкістану, затрымалі перад самай пасадкай у цягнік «Гомель — Санкт-Пецярбург». Пазьней жанчыну асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. У калёніі агульнага рэжыму яна ўбачыла тэлесюжэт пра затрыманьне сьвятара ў Віцебску, у якім пазнала свайго былога саўдзельніка.

Аляксандар Кірэеў на судзе
Аляксандар Кірэеў на судзе

З моманту затрыманьня Кірэеў знаходзіцца пад вартай у Віцебскім СІЗА. У Рускай праваслаўнай царкве спадзяваліся, што айца Мікалая выдадуць для разгляду ў Расею. Аднак у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам «злачынства, учыненае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, расьсьледуецца беларускімі праваахоўнікамі ў адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG