Ва Ўкраіне абвясьцілі надзычайную сытуацыю і падоўжылі карантын да 24 красавіка

Кабінэт Міністраў Украіны ў сувязі з пагаршэньнем сытуацыі з каранавірусам падоўжыў карантын да 24 красавіка.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Апроч таго, на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны абвешчана надзвычайная сытуацыя.

Паводле Цэнтру грамадзкага здароўя, на 10 гадзіну раніцы ва Ўкраіне афіцыйна пацьвердзілі 113 выпадкаў заражэньня каранавірусам, чатыры чалавекі памёрлі, адзін паправіўся і выпісаны зь лякарні.

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заклікаў ня блытаць надзвычайную сытуацыю з надзвычайным станам:

«Надзвычайная сытуацыя не абмяжоўвае канстытуцыйных правоў грамадзян, а толькі кансалідуе намаганьні ў пераадоленьні пагрозы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Карантын ад каранавірусу — як гэта? Расказваем на прыкладзе Ўкраіны

Як заканадаўства Ўкраіны вызначае надзвычайную сытуацыю

У выпадку абвяшчэньня надзвычайнай сытуацыі грамадзяне абавязаныя:

  • выконваць правілы паводзін, бясьпекі і рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі
  • да прыбыцьця выратавальных падразьдзяленьняў прымаць захады для абароны людзей і маёмасьці
  • выконваць рэжымы абароны ад эпідэміяў, радыяцыі і падобнага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністэрствы адукацыі і здароўя «ня бачаць мэтазгоднасьці» ў карантыне для навучальных устаноў

Дадаткова ўрад можа ўвесьці спэцыяльны парадак разьмеркаваньня прадуктаў харчаваньня і прадметаў першай неабходнасьці, на час надзвычайнай сытуацыі адхіляць ад выкананьня службовых абавязкаў кіраўніцтва дзяржаўных прадпрыемстваў, зьмяняць рэжым працы ўстановаў і арганізацыяў усіх формаў уласнасьці, а таксама мабілізоўваць іхныя рэсурсы для ліквідацыі надзвычайнай сытуацыі. Апроч таго, магчымая часовая забарона будаўніцтва новых прадпрыемстваў і іншых аб’ектаў.

Надзвычайны стан вядзе да больш жорсткіх абмежаваньняў. У выпадку ягонага абвяшчэньня вызначаецца спэцыяльны рэжым уезду і выезду з краіны, абмяжоўваецца свабода перамяшчэньня і руху, узмацняецца ахова грамадзкага парадку, а таксама забараняюцца масавыя акцыі і страйкі.