Вайцюшкевіч зьняў кліп «25 сакавіка» да Дня Волі. ВІДЭА

Беларускі сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч разам з кампаніямі «Будзьма беларусамі» і «Годна» выдаў кліп, прымеркаваны да 102-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Словы песьні «25 сакавіка» напісаў Уладзімер Някляеў.

Кліп зьняла творчае аб’яднаньне «Інакш». Як расказвае Вайцюшкевіч, аднойчы ў студзені яму падумалася, што ён ня ведае ніводнай песьні, дзе чуў бы словы «25 сакавіка». Тады ён зьвязаўся зь Някляевым і папрасіў напісаць такі верш, які затым стаў песьняй, музыку да якой напісаў сам Вайцюшкевіч.

Тэкст такі:

Калі мы з табой мужчыны,
Калі мы ня ветры ў полі,
Калі любім мы Айчыну
Як сябе — і нават болей,
Дык тады скрозь нашы целы,
Скрозь пакуты ўсе і болі
Між аблок чырвона-белых
Пралятаюць птушкі волі.

25-га сакавіка
Лёд зімовы ламае рака,
І лунае, як ластаўка,
25-га сакавіка.
25-га сакавіка
У руцэ — каханай рука,
Напаўняе душу да крайка
25-га сакавіка.

Калі мы з табой мужчыны,
Калі носім гэта званьне,
Нам з табой няма спачыну
Ні ў каханьні, ні ў змаганьні.
У каханьні да жанчыны,
Што праводзіла ў дарогу,
У змаганьні за Айчыну,
Што нам дадзеная Богам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «10 миллионов рабов»: панкі «Дай Дарогу!» запісалі «Гімн Дня Волі». Відэа

Сёлета 25 сакавіка Вайцюшкевіч і іншыя музыкі возьмуць удзел у інтэрнэт-сьвяткаваньні Дня Волі — імпрэзы на вуліцах адмянілі праз пандэмію каранавірусу. Сьвяточная трансьляцыя кампаніі «Годна» пачнецца ў 18.00 на сайце Hodna.by.

Інтэрнэт-сьвята робіць тая ж каманда, якая ладзіла мітынгі-канцэрты #БНР100 у Менску і #БНР101 у Горадні. На цяперашнюю трансьляцыю яны зьбіраюць грошы праз Molamola.by — зь неабходных 6000 рублёў сабралі ўжо больш за 4000.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзень Волі са Свабодай. Коратка пра тое, што будзе