Сэнатар-рэспубліканец ад штату Кентукі Рэнд Пол у нядзелю, 22 сакавіка, стаў першым сэнатарам ЗША, якому паставілі станоўчы дыягназ пасьля аналізу на каранавірус COVID-19.
Пол быў адзіным сэнатарам, які прагаласаваў нядаўна супраць выдзяленьня 8 мільярдаў даляраў на захады процідзеяньня эпідэміі COVID-19 у ЗША.
Senator Rand Paul has tested positive for COVID-19. He is feeling fine and is in quarantine. He is asymptomatic and was tested out of an abundance of caution due to his extensive travel and events. He was not aware of any direct contact with any infected person.
— Senator Rand Paul (@RandPaul) March 22, 2020
Як паведамляюць амэрыканскія СМІ, «ён адчувае сябе добра і знаходзіцца на карантыне. У яго не было сімптомаў інфікаваньня, але ён вырашыў зрабіць тэст, праявіўшы павышаную засцярогу ў сувязі з праведзенымі інтэнсіўнымі паездкамі і ўдзелам у шматлікіх сустрэчах».
У твітэры сэнатара паведамляецца, што ён быў ня ў курсе, ці даводзілася яму мець беспасярэднія кантакты з кімсьці з інфікаваных людзей.
Рэнд Пол плянуе вярнуцца ў Сэнат пасля заканчэньня тэрміну карантыну, каб працягнуць працу ў гэты цяжкі час, гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у твітэры.
Бацька сэнатара, былы прадстаўнік штату Тэхас у Кангрэсе ЗША, на мінулым тыдні назваў каранавірус «выдумкай».
У мінулую сераду два чальцы Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША абвясьцілі, што заражаныя каранавірусом. Кангрэсмен ад Флорыды Марыё Дыяс-Балард і кангрэсмэн ад Юты Бэн Макадмс сталі першымі інфікаванымі ў Кангрэсе. Кангрэсмэн з Флорыды напісаў у твітэры, што адчувае сябе лепш і заклікаў амэрыканцаў паставіцца да гэтага вірусу «вельмі сур'ёзна». Заканадавец зь Юты заклікаў амэрыканцаў да адзінства з тым, каб «выйсьці з гэтага крызісу яшчэ больш моцнымі». Абодва кангрэсмэны знаходзяцца ў самаізаляцыі дома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдыкКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.