Падзеі 16 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
16 сакавіка 1964 году нарадзіўся Міхал Анемпадыстаў, вядомы як дызайнэр, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Анемпадыстаў вучыўся ў Менскай мастацкай вучэльні, працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, пляката, фатаграфіі.
Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога.
Анемпадыстаў напісаў тэксты для музычнага праекту «Народны альбом», які выйшаў у 1997 годзе, а таксама тэксты для песень беларускіх і польскіх рок-гуртоў. З 2011 году мастак зьяўляўся сябрам праўленьня Беларускага саюза дызайнэраў. Удзельнічаў у калектыўных і пэрсанальных выставах за мяжой і ў Беларусі.
Таксама ў гэты дзень
1919 — у Горадні выйшаў першы нумар газэты «Бацькаўшчына».
1946 — 16-гадовы Ўладзімер Караткевіч піша першы артыкул па-беларуску «Некалькі слоў пра Францішка Багушэвіча як вялікага песьняра Беларусі і прадстаўніка крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры 2-й паловы ХIХ стагодзьдзя».
1954 — дзеячамі беларускай эміграцыі было заснавана Англа-беларускае таварыства.
2014 — прайшоў рэфэрэндум, па выніках якога Крым далучылі да Расейскай Фэдэрацыі. Усясьветная супольнасьць не прызнала рэфэрэндум легітымным.
Выдача бюлетэняў на рэфэрэндуме ў Крыме
У гэты дзень нарадзіліся
1883 — Натан Рубінштэйн, музыка і дырыжор, арганізатар музычнага жыцьця ў Менску. Зьнік бязь вестак.
1890 — Саламон Міхоэлс, тэатральны актор, старшыня Габрэйскага антыфашысцкага камітэту.
Прэзыдыюм Габрэйскага антыфашысцкага камітэту. У цэнтры — Саламон Міхоэлс
1927 — Марыя Лукашук, філёляг, пэдагог, удзельніца нацыянальна-культурніцкага і нацыянальна-дэмакратычнага руху.
1941 — Бэрнарда Бэрталучы, італьянскі кінарэжысэр.
1946 — Мікалай Кірычэнка, беларускі актор.
1964 — Уладзімер Давыдоўскі, журналіст і музыка.
У памяці
1928 — у Вільні застрэлены Міхал Гурын-Маразоўскі, палітык і журналіст.
1940 — памерла Сэльма Лагерлёф, швэдзкая пісьменьніца.
2000 — памёр Павел Пруднікаў, беларускі пісьменьнік. Пруднікаў зьведаў рэпрэсіі 1930-х гадоў і адлюстраваў іх у сваіх творах «Яжовыя рукавіцы» і «Пекла».
2016 — Сяргей Ханжанкоў, стваральнік падпольнай групы, якая мелася падарваць радыёглушыльную вежу ў Менску (1963), вязень савецкіх лягераў.