Суд у ЗША пастанавіў вызваліць з турмы інфарматарку Wikileaks Чэлсі Мэнінг

Чэлсі Мэнінг, архіўнае фота

У Злучаных Штатах суд пастанавіў неадкладна вызваліць з турмы былую вайскоўку ЗША, інфарматарку WikiLeaks Чэлсі Мэнінг, паведамляе Reuters. Напярэдадні Мэнінг зрабіла спробу самагубства ў турме.

У 2013 годзе Мэнінг асудзілі на 35 гадоў турмы строгага рэжыму за абнародаваньне праз WikiLeaks сотняў тысяч сакрэтных дакумэнтаў, якія датычацца войнаў у Іраку й Аўганістане. У 2017 годзе яе памілаваў былы прэзыдэнт ЗША Барак Абама незадоўга да таго, як ён пакінуў Белы дом.

Летась Чэлсі Мэнінг зноў трапіла ў турму за адмову даваць паказаньні ў справе заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны інфарматар Wikileaks шкадуе, што нанёс шкоду ЗША

У пятніцу Мэнінг павінна была паўстаць перад судом, але ў чацьвер суд пастанавіў, што паказаньні Мэнінг у справе Асанжа больш не патрэбныя.

Напярэдадні судовага паседжаньня Мэнінг зрабіла спробу самагубства ў турме. Яе адвакаты патлумачылі гэта тым, што ізаляцыя за нежаданьне даваць паказаньні на працэсе, які Мэнінг лічыць недастаткова адкрытым, наносіць шкоду яе псыхіцы. Гэта была трэцяя спроба самагубства Мэнінг, пра якую стала вядома СМІ.

Расьсьледаваньне справы WikiLeaks вядзецца некалькі гадоў. ЗША цяпер дамагаюцца экстрадыцыі заснавальніка сайту WikiLeaks Джуліяна Асанжа, які знаходзіцца ў турме ў Вялікай Брытаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэзыдэнт Эквадору пацьвердзіў датычнасьць Асанжа да ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША