Ці будуць беларускія ўлады пашыраць карантын на ўсіх: на садкі, школы, масавыя падзеі? У суседніх краінах такія захады ўжо прымаюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ужо 12. Каранавірус выявілі яшчэ ў траіх беларусаў: у Менску, Гомлі і Горадні
«Мы будзем трымацца парадаў Міністэрства аховы здароўя»
У Міністэрстве адукацыі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што рашэньне пра адмену заняткаў у школах, ВНУ і закрыцьцё садкоў павінна прыняць Міністэрства аховы здароўя, «калі будзе такая неабходнасьць».
«Цяпер усе працуюць у штатным рэжыме. Мы будзем трымацца парадаў Міністэрства аховы здароўя», — сказалі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.
У Міністэрстве аховы здароўя на пытаньні карэспандэнта Свабоды пакуль не адказалі.
Каля БНТУ, 27 лютага
Масавых іпрэзаў у Менску не адмяняюць
У Менгарвыканкаме сказалі, што «пакуль не было даручэньняў адмяняць масавыя імпрэзы ў горадзе з прычыны каранавірусу».
«Масавыя мерапрыемствы не адмяняюцца. Калі нешта такое будзе, то мы падрыхтуем прэс-рэліз», — сказалі ў прэс-службе.
Масавы забег «Beauty Run» у Менску, 8 сакавіка
«На прэм’еру амаль усе квіткі раскупленыя»
У Вялікім тэатры опэры і балету спэктаклі з прычыны каранавірусу на бліжэйшы час не адмяняюцца.
Аднак праз каранавірус адмененыя гастролі аркестру тэатру ў Нямеччыну, якія плянаваліся 10 сакавіка на 20 дзён.