Пуцін: абмежаваньні на прэзыдэнцтва скасоўваць ня варта, але тэрміны можна «абнуліць»

Уладзімір Пуцін у Дзярждуме

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў у Дзяржаўнай думе наконт прапанаваных паправак у расейскую Канстытуцыю.

Сьцісла

  • Пуцін адмоўна выказаўся наконт датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.
  • Ён заявіў, што ня варта здымаць абмежаваньне на колькасьць прэзыдэцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.
  • Пры гэтым Пуцін сказаў, што магчымы варыянт зь ягоным удзелам у наступных прэзыдэнцкіх выбарах, калі гэта ўхваліць Канстытуцыйны суд Расеі.

Раней сёньня​ дэпутатка ад партыі «Единая Россия» Валянціна Церашкова прапанавала ўнесьці ў законапраект пра зьмены ў расейскую Канстытуцыю папраўку пра абнуленьне прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Паводле Церашковай, неабходна ці ўвогуле прыбраць абмежаваньні, ці, «калі гэтага запатрабуе сытуацыя і гэтага захочуць людзі, закласьці ў законе магчымасьць для дзейнага прэзыдэнта зноў абірацца на гэтую пасаду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнку меркавалі зрабіць пераемнікам Ельцына

Сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Вячаслаў Валодзін тады заявіў, што гэтую прапанову трэба абмеркаваць зь лідэрамі думскіх фракцый, а таксама даведацца, што думае з гэтай нагоды прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Пасьля гэтага ў пасяджэньні абвясьцілі перапынак.

Дзейная рэдакцыя Канстытуцыі прадугледжвае забарона аднаму чалавеку займаць прэзыдэнцкае крэсла больш за два тэрміны запар. Уладзімір Пуцін у 2018 годзе быў абраны другі раз запар (чацвёрты — усяго), яго паўнамоцтвы павінны скончыцца ў 2024 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждума Расеі падтрымала папраўку пра «абнуленьне» прэзыдэнцкіх тэрмінаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін ня хоча ўзначальваць Дзяржаўную раду пасьля сыходу з пасады прэзыдэнта