Аб’ём продажаў зброі за апошнія пяць гадоў у сьвеце вырас на 5,5% у параўнаньні з папярэднім пяцігадовым пэрыядам, гаворыцца ў дакладзе Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI).
Найбуйнейшымі экспартэрамі зброі застаюцца Злучаныя Штаты, Расея, Францыя, Нямеччына і Кітай. ЗША ўмацавалі лідэрства ў сусьветным гандлі зброяй — за апошнія пяць гадоў Вашынгтон павялічыў абʼём продажаў амаль на чвэрць (23%). Палова амэрыканскага экспарту зброі прыпадае на Блізкі Ўсход, палова з гэтых паставак — на Саудаўскую Арабію. Павышаны попыт на авіятэхніку ЗША прадэманстравалі краіны Эўропы, Аўстралія, Японія і Тайвань.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўсё больш людзей пакутуюць ад голаду, калі багацьця ў сьвеце паболелаАгульны абʼём продажаў узбраеньняў ЗША на 76% перавысіў суму ўгод другога велічынёй у сьвеце экспартэра ўзбраеньняў, Расеі. За названы пэрыяд экспарт расейскай зброі зьнізіўся на 18%, адзначаюць экспэрты SIPRI.
Прыкметны рост продажаў прадэманстравала Францыя — 72% у параўнаньні з пэрыядам 2010-2014 гадоў. Яе доля ўзрасла дзякуючы кантрактам з Эгіптам, Катарам і Індыяй.
Упершыню ў сьпіс дзесяці найбуйнейшых экспартэраў зброі ўвайшла Паўднёвая Карэя, яе экспарт павялічыўся на 143% у параўнаньні з папярэднім пяцігадовым пэрыядам. Экспарт узбраеньняў з Ізраіля за гэты ж пэрыяд вырас на 77% і дасягнуў рэкорднага ўзроўню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дроны, рамонт тэхнікі. Як і колькі Беларусь зарабляе на зброіСярод імпартэраў самыя незвычайныя паказчыкі прадэманстравала Паўднёвая Афрыка — некалі найбуйнейшы на поўдзень ад Сахары пакупнік за мінулыя пяць гадоў амаль не набываў зброі.
SIPRI — сусьветны навукова-дасьледчы інстытут, які сыстэматызуе дадзеныя аб выдатках і абароце зброі ў сьвеце, а таксама аб глябальнай і рэгіянальнай бясьпецы. Інстытут складае рэйтынгі, грунтуючыся на аналітыцы, камэнтарах экспэртаў і адкрытых дадзеных.