Чырвоныя рукі Пушкіна ацанілі ў 63 рублі

Піліп Шаўроў

Актывісту Піліпу Шаўрову, якога затрымалі пасьля таго, як у студзені ён пафарбаваў рукі помніка Пушкіну, выставілі канчатковае абвінавачаньне і вызначылі нанесеную шкоду.

Пра гэта жонка актывіста Вольга паведаміла са спасылкай на адваката. Яна сказала, што справа складаецца з трох эпізодаў, яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Якія гэта эпізоды?

  1. Пафарбаваў у чырвонае рукі помніка Пушкіну.
  2. Намаляваў бел-чырвона-белы сьцяг на помніку загінулым пры выкананьні доўгу міліцыянтам і вайскоўцам унутраных войскаў МУС Беларусі. За гэтыя дзьве правіны абвінавачаны ў хуліганстве. Максымальнае пакараньне — да 2 гадоў пазбаўленьня волі.
  3. Нанёс графіці «Свабоду Севярынцу». Абвінавачаны ў апаганьваньні і порчы маёмасьці. Максымальнае пакараньне — да 3 месяцаў арышту.

Сума шкоды — 230 рублёў

Вольга Шаўрова паведаміла, што ўжо аплаціла нанесеную Піліпам шкоду

  • за помнік Пушкіну — 62 рублі 88 капеек,
  • за помнік міліцыянтам — 67 рублёў 87 капеек,
  • за графіці «Свабоду Севярынцу» — 98 рублёў 18 капеек.

Агулам — 228 рублёў 93 капейкі.

«Чаму больш за „Свабоду Севярынцу“, мне невядома. За гэтую шкоду грошы пералічыла „Водаканалу“, а за Пушкіна і помнік міліцыянтам — „Рэмаўтадару“, гэта іхныя супрацоўнікі адмывалі помнікі ад чырвонай і белай фарбаў», — расказала Вольга Шаўрова.

Зь яе словаў, муж па-ранейшаму ў ізалятары на вуліцы Валадарскага, меру стрыманьня яму не зьмянілі.

«Магчыма, на наступным тыдні стане вядома, ці вызваляць яго да суду. У суд справу яшчэ не перадалі. Нават ня ведаю, ці пазнаёмілі яго з абвінавачаньнем», — сказала Вольга Шаўрова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «О, такі мне пасуе!» Жонка Вольга шчыра распавядае пра Піліпа Шаўрова, які пафарбаваў рукі Пушкіну

17 студзеня стала вядома пра размаляваньне помніка расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну, пастаўленага каля гатэлю «Беларусь».

19 студзеня па падазрэньні ў хуліганстве быў затрыманы актывіст Піліп Шаўроў, які прыйшоў у міліцыю і прызнаўся, што гэта зрабіў ён. У пазьнейшым лісьце жонцы Піліп Шаўроў назваў свой учынак «палітычным пэрформансам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Міхаілу Жамчужнаму ў сьледчым ізалятары забаранілі спатканьні і перадачы