Каранавірус: Першы выпадак пацьверджаны ў Літве

Памежны слуп, Літва

Першы выпадак новага каранавірусу (COVID-19) быў зарэгістраваны сёньня ў Літве. Вынікі тэстаў пацьвердзілі заражэньне пацыенткі, якая вярнулася з італьянскай Вэроны 24 лютага, паведамляе Міністэрства аховы здароўя Літоўскай Рэспублікі.

Пацыентка, 39-гадовая жанчына, ізаляваная ў шпіталі ў горадзе Шаўляй. У яе слабыя сымптомы, няма тэмпэратуры. За здароўем жанчыны назіралі ад моманту яе вяртаньня ў Літву, гэтак жа, як і за іншымі, хто вярталіся з пацярпелых раёнаў. У шпіталі таксама трое членаў сям’і інфікаванай жанчыны, у іх пакуль сымптомаў каранавірусу няма.

Паводле віцэ-міністра аховы здароўя, каардынатара Нацыянальнага цэнтру апэратыўных дзеяньняў пры Міністэрстве аховы здароўя Альгерда Шэшэлгіса, асноўнай задачай цяпер зьяўляецца недапушчэньне распаўсюджваньня вірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дактары прыехалі ў „скафандрах“». У Лідзе хлопец трапіў у лякарню пасьля падарожжа ў Кітай

«Прыкладаюцца ўсе намаганьні, каб як мага хутчэй выявіць усіх тых, хто кантактаваў з заражаным чалавекам. Гэта дазволіць прымяніць меры прафіляктыкі і прадухіліць далейшае распаўсюджваньне інфэкцыі. Са свайго боку я прашу людзей не панікаваць, прытрымлівацца афіцыйнай інфармацыі і прымаць стандартныя меры па зьніжэньні распаўсюджваньня хваробы», — кажа Шэшэлгіс.

Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што ніякіх аналізаў і адмысловых захадаў не патрабуецца, калі чалавек ня езьдзіў у краіны, якія пацярпелі ад COVID-19, калі не было кантакту з падазраваным або пацьверджаным выпадкам COVID-19 і калі няма сымптомаў, падобных на грып, характэрнага для хваробы самаадчуваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як засьцерагчыся ад каранавірусу. Парады Сусьветнай арганізацыі здароўя