Каранавірус: Улады Беларусі ня бачаць падставаў для закрыцьця межаў

Дзяржаўная мяжа Беларусі

Міністэрства аховы здароўя Беларусі ня бачыць неабходнасьці закрыцьця дзяржаўнай мяжы з прычыны распаўсюду каранавірусу ў сьвеце.

«На сёньня эпідэміялягічная сытуацыя абсалютна кантраляваная, падставы закрываць межы, як у нас некаторыя радыкальныя галовы кажуць, няма», — цытуе «Інтэрфакс» міністра аховы здароўя Ўладзіміра Караніка.

Галоўная задача — забясьпечыць кантроль на вонкавым контуры Беларусі за ўсімі, хто прыяжджае, падкрэсліў кіраўнік ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы каранавірус зафіксавалі ў Беларусі

Ён таксама зьвярнуў увагу, што Сусьветная арганізацыя аховы здароўя з шэрагу прычынаў таксама не рэкамэндуе закрываць межы.

«Па-першае, гэта будзе стымуляваньне бескантрольнай незаконнай міграцыі. Калі людзям трэба, яны ўсё роўна заедуць у краіну, але абмінуць пункты кантролю. І гэта можа прывесьці да некантраляванага распаўсюду інфэкцыі. Па-другое, транзытныя пункты, дзе пасажыраў застане рашэньне аб закрыцьці межаў, могуць самі стаць рассаднікамі новых ачагоў», — патлумачыў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іранскі студэнт з каранавірусам вучыцца ў БНТУ, студэнтаў пераводзяць на індывідуальную праграму

28 лютага ў Менску зафіксаваны першы выпадак захворваньня каранавірусам: дыягназ пацьвердзіўся ў студэнта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, які вярнуўся з Ірану.