За апошнія суткі колькасьць новых выпадкаў каранавірусу ў Кітаі зьменшылася

За апошнія суткі ў Кітаі зафіксавана 406 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам COVID-19, 52 сьмерці (у правінцыі Хубэй) і 439 чалавек, у якіх падазраюць каранавірус, паведамляе Нацыянальная камісія па ахове здароўя КНР.

Агульная колькасьць выпадкаў заражэньня ў Кітаі на 26 студзеня складае 78 064 чалавекі, памерлі 2715 чалавек. Ачунялі агулам 29 745 чалавек (2512 чалавек за апошнія суткі).

Колькасьць новых выпадкаў заражэньня ў Кітаі ідзе на спад: раней штодня фіксавалі ў сярэднім 1,5-2,5 тысячы новых выпадкаў. Затое за апошнія суткі зафіксавана больш выпадкаў заражэньня па-за межамі Кітаю.

Так, Паўднёвая Карэя паведаміла пра 169 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам за апошнія суткі, сярод іх — салдат ЗША, агулам у краіне каранавірус выявілі ў 1146 чалавек, піша Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Раней ня бачыла тут пустыя паліцы ў крамах». Як беларусы Італіі рэагуюць на ўспышку каранавірусу

У Італіі колькасьць хворых за апошнія суткі павялічылася амаль на сотню, да 322 чалавек. Напярэдадні зафіксаваныя выпадкі заражэньня людзей, якія нядаўна вярнуліся з Італіі, у новых краінах: Аўстрыі, Харватыі, Швайцарыі, Румыніі, Гішпаніі, Алжыры.

Усяго ў сьвеце каранавірусам COVID-19 заразіліся 80 967 чалавек.

У Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя заявілі, што выявілі ў сьвеце шэраг ачагоў заражэньня новым каранавірусам, якія ня маюць вызначанай эпідэміялягічнай сувязі з успышкай захворваньня ў Кітаі. Спэцыялісты не выключаюць, што прычынай заражэньня стаў чалавек, які раней пабываў у Кітаі і перахварэў COVID-19 бессымптомна.