9 фактаў пра Ўзброеныя сілы Беларусі. Інфаграфіка

Свабода сабрала цікавыя факты пра Ўзброеныя сілы Беларусі.

1. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет абвясьціў незалежнасьць Беларусі, 19 верасьня Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг зрабіліся дзяржаўнымі сымбалямі, а ўжо на наступны дзень — 20 верасьня — на прапанову дэпутатаў БНФ парлямэнт прыняў пастанову аб стварэньні Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, сучаснае беларускае войска было ўтворана 20 верасьня 1991 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Днём абаронцаў Айчыны нешта ня так. 5 прычынаў не сьвяткаваць 23 лютага

2. Беларускае войска фармавалася на базе Беларускай чырванасьцяжнай вайсковай акругі, якая налічвала амаль 200 000 салдатаў і афіцэраў. На тэрыторыі Беларусі знаходзілася і ядзерная зброя.

3. Беларусь абвясьціла сябе нэўтральнай і бязьядзернай дзяржавай. Апошнія ядзерныя ракеты былі выведзеныя з тэрыторыі краіны ў лістападзе 1996 году.

4. Агульная колькасьць Узброеных сілаў — 65 000 чалавек.

Паводле колькасьці вайскоўцаў Беларусь на 45-м месцы ў сьвеце. Яна адстае ад Кубы, але апярэджвае такія краіны, як Армэнія, Нідэрлянды, Партугалія, Баўгарыя, Бэльгія, Швэцыя, Чэхія, Вугоршчына, Нарвэгія, Аўстрыя, Фінляндыя, Латвія і Літва.

Для параўнаньня, Латвія мае 5500 вайскоўцаў, Літва — 19 000, пры тым, што ў гэтых дзяржаў няма ніводнага танка альбо самалёта. Аднак Літва і Латвія ўваходзяць у блёк NATO, які павінен іх абараняць у выпадку агрэсіі.

5. Сёньня беларускае войска складаецца з сухапутных войскаў, вайскова-паветраных сілаў, сілаў супрацьпаветранай абароны, транспартных войскаў і тэрытарыяльных войскаў. Існуюць таксама сілы спэцыяльных апэрацый, створаныя на базе паветрана-дэсантных сілаў.

На ўзбраеньні ў беларускага войска:

  • 532 танкі,
  • 1560 бронемашынаў,
  • 1100 адзінак артылерыі,
  • 202 баявыя самалёты і гелікоптэры

6. Вайсковы бюджэт Беларусі, паводле міжнароднай арганізацыі Global Firepower Index, — 623 мільёны даляраў.

Для параўнаньня, вайсковы бюджэт Польшчы — 12 мільярдаў даляраў, што амаль у 20 разоў болей. У Расеі — 48 мільярдаў, альбо ў 80 разоў болей, чым у Беларусі.

7. Беларусь уваходзіць у сыстэму калектыўнай бясьпекі СНД, а таксама мае шэраг пагадненьняў аб вайсковым супрацоўніцтве з Расеяй. На ўзбраеньні — тэхніка пераважна расейскай вытворчасьці.

8. Беларусь і Расея маюць адзіную сыстэму супрацьракетнай абароны, якую ў рэальнасьці кантралюе Масква.

9. На тэрыторыі Беларусі месьцяцца два расейскія вайсковыя абʼекты. Занальны вузел сувязі каля Вілейкі забясьпечвае кантакт з расейскім флётам у Атлянтычным, Індыйскім і Ціхім акіянах. Радыёлякацыйная станцыя «Волга» пад Ганцавічамі сочыць за падводнымі лодкамі NATO ў Паўночнай Атлянтыцы і ў Нарвэскім моры.

Тэрмін дамовы аб дзейнасьці гэтых абʼектаў сканчаецца ў чэрвені 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думалі, што буду зьліваць інфармацыю Nexta». Як служыць у войску айцішнік, які змагаўся з законам «аб адтэрміноўках»