Міністэрства працы Беларусі пастановай ад 20 студзеня пашырыла сьпіс відаў працы, якімі можа займацца моладзь ва ўзросьце ад 14 да 16 гадоў. Цяпер у сьпісе ёсьць мадэльны бізнэс.
Пункт сьпісу, які дадалі пастановай, сфармуляваны так:
«Удзел у мерапрыемствах мадэльнай дзейнасьці: кастынг, пазіраваньне, фота-, відэаздымка, дэфіле, прымерка, рэпэтыцыя, дэманстрацыя, перадпаказ і паказ адзеньня (прычосак, аксэсуараў і іншага), экспэрымэнты ў стварэньні новых мадэляў адзеньня (мадэляў прычосак, аксэсуараў)».
У гэтым сьпісе былі і застаюцца сельскагаспадарчыя работы і будаўніцтва (без выкарыстаньня машынаў, электрычных інструмэнтаў і небясьпечных рэчываў), лясная гаспадарка і азеляненьне, прыборка тэрыторыяў і кватэр, праца артыстамі-аніматарамі, набор тэкстаў на кампутары, распрацоўка сайтаў і праграмаў ды іншае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Натхняю не зважаць на ўзрост». 70-гадовая мадэль тлумачыць, як жыць і не старэць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паверце ў сваё дзіця». Як 14-гадовая дзяўчынка рыхтуецца да подыюмуПаводле Працоўнага кодэксу, праца чалавека ва ўзросьце 14–16 гадоў павінна быць са згоды аднаго з бацькоў і ня быць шкоднай для здароўя і разьвіцьця, не замінаць вучобе.
Мінулай восеньню Аляксандар Лукашэнка ўжо выдаваў указ «Аб мадэльнай дзейнасьці». Паведамлялася, што дакумэнт «накіраваны на абарону правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў мадэльнай дзейнасьці, папулярызацыю беларускай моды», а таксама стварэньне ўмоваў для ўдасканаленьня работы «Нацыянальнай школы прыгажосьці». Прававыя асновы рэгуляваньня гэтай сфэры ў Беларусі ствараліся ўпершыню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хадзі сюды, дзетка». Як Лукашэнка размаўляе зь «міс Беларусь», якой прапанаваў пакіраваць калгасам
Пакідаеш «Нацыянальную школу прыгажосьці» — кампэнсуй
Іншай пастановай, ужо Савету міністраў ад 19 лютага, вызначаны парадак разьліку і кампэнсацыі выдаткаў, якія дзяржава мела на навучаньне мадэляў у «Нацыянальнай школе прыгажосьці».
Кампэнсаваць выдаткі трэба будзе ў выпадку датэрміновага разрываньня дамовы аб падрыхтоўцы за бюджэтныя сродкі з ініцыятывы навучэнца і ў выпадку адмовы ад заключэньня мадэльнага кантракту «прапарцыйна пэрыяду навучаньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Інтэрнэце перабольшваюць мае магчымасьці». Лукашэнка патлумачыў, як карыстаецца прыгажунямі са службы пратаколуСуму кампэнсацыі вызначыць сама «Нацыянальная школа прыгажосьці» — памесячна палічыць цану навучаньня.
Кампэнсаваць выдаткі можна будзе і самім былым навучэнцам, і іхным законным прадстаўнікам (калі былы навучэнец непаўналетні). Ад кампэнсацыі выдаткаў вызвалілі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без дагляду бацькоў; асобаў 18–23 гадоў, якія страцілі апошняга з бацькоў за час навучаньня; асобаў з адным з бацькоў, мужам ці жонкай інвалідам І або ІІ групы; асобаў зь дзецьмі ўзростам да 3 гадоў і іншых.