«Гэта мая рэакцыя на падзеі 2019 году». У Менску адкрылася выстава мастака Алеся Марачкіна. ФОТА

19 лютага на асьветніцкай пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» у Менску пачынае працаваць выстава «Зацьменьне» вядомага мастака, аднаго з заснавальнікаў суполкі «Пагоня» Аляксея Марачкіна.

Як адзначаюць арганізатары імпрэзы, новыя творы прысьвечаны значным для грамадзтва падзеям апошняга часу і адлюстроўваюць сацыяльна-палітычную сытуацыю ў Беларусі праз уласны погляд творцы на культуру і дух беларускага народу.

Беларускія рэаліі — «Астравіцяне» і «Гаротнікі»

Свабода пацікавілася, якія менавіта карціны мастак прэзэнтуе прыхільнікам сваёй творчасьці і якую канцэпцыю закладаў у зьмест экспазыцыі.

Карціна «Сёньняшнія Курапаты», аўтар Аляксей Марачкін

«Галоўная задума — гэта мая рэакцыя на падзеі 2019 году, важныя для мастака-нонканфарміста, — расказаў Аляксей Марачкін. — У нас няшмат творцаў, якія адгукаюцца на сацыяльную тэматыку. Іх абвінавачваюць, маўляў, займайцеся чыстым мастацтвам, а не рэагуйце на палітычныя зьявы і г.д. На што я адразу адсылаю да клясычнага прыкладу Франсыска Гоі, які ў пэрыяд Сярэднявечча востра рэагаваў на тое, што адбываецца ў Гішпаніі, асабліва калі на вогнішчах палілі вядзьмарак ды ведзьмакоў».

Мастак прадставіў цэлы шэраг работ сацыяльнага кірунку. Так, карціна «Сёньняшнія Курапаты» прысьвечана абароне ўрочышча ад крыжалому і пратэстам супраць «рэстарацыі на касьцях „Поедем поедим“». «Астравіцяне» — гэта аўтарскі водгук на будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы ды «духоўнай мутацыі» беларусаў. Яшчэ адзін твор — «Гаротнік», у цэнтры якога мужычок з пустымі бутэлькамі на засушаным полі, за якім маячаць злавесныя сылюэты градзірняў АЭС. Сапраўдная паласа «Зацьменьня», у якой апынулася Беларусь.

Курапацкі «Крыжалом» Аляксея Марачкіна

«Асобна выставіў графічныя работы пад умоўнай назвай „Крыжалом“ — агулам іх паўтара дзясятка, — працягвае мастак. — Досыць нечаканае афармленьне — бяз рамак і шкла. Зьмест зразумелы з назвы — гэта час, калі з падачы „галоўнакамандуючага“ ў Курапатах нішчылі крыжы. Там паэтапна адлюстраваная ўся храналёгія падзеяў. Наогул я ўдзячны арганізатарам, якія прапанавалі выставіцца неўзабаве пасьля Алеся Пушкіна, які таксама паказваў працы сацыяльнага кантэксту. Безумоўна, гэта дадае імпэту».

«Гаротнік». Аляксей Марачкін

«Астравіцяне». Аляксей Марачкін

Каліноўскі і Ян Павал ІІ — асобным заходам

А вось жывапісная рэакцыя на леташняе пахаваньне ў Вільні Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў 1863-1864 гадоў у экспазыцыю не ўвайшла. Хоць выяву ўжо тыражуюць у сеціве, аднак, як самакрытычна кажа аўтар, праца яшчэ не завершаная ў дэталях. Тым ня менш ён абяцае неўзабаве наладзіць прэзэнтацыю адной карціны, бо гістарычная падзея сапраўды вартая асобнай згадкі.

Аляксей Марачкін і ягоная карціна ў гонар Яна Паўла ІІ

На потым адсоўваецца і прэзэнтацыя палотнішча «Я прашу вас, не згубіце Беларусь!» у гонар Папы Ррымскага Яна Паўла ІІ. Ёсьць папярэдняя дамоўленасьць паказаць яе публічна ў дзень нараджэньня першага пантыфіка-славяніна 18 траўня ў Чырвоным касьцёле Менску. Таксама будуць выстаўленыя і іншыя карціны сакральнага зьместу.

Тэматыка твораў Аляксея Марачкіна прысьвечана падзеям як мінулага, так і сёньняшняга дня. У ягоным творчым даробку партрэты многіх гістарычных асобаў, сэрыя вобразаў «Мае сучасьнікі», ён аўтар цыклю «Народныя легенды і паданьні». Сярод знакавых твораў — «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля», «Палеская мадонна», «Плошча» ды іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі мастак намаляваў «Шлях да незалежнасьці»: Пазьняк і зьніклыя палітыкі пад нацыянальнымі сымбалямі. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак Марачкін напісаў кнігу пра тое, чаму швэды шануюць свае карані, а беларусы — не
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні зьявіцца музэй пудзілаў. Чаму «каралеўскаму» гораду ня стаць цэнтрам сучаснага мастацтва?