Кіраўніцтва Францускай кінаакадэміі падало ў адстаўку праз скандал з Романам Паланскім

Роман Паланскі

Выканаўчая рада Акадэміі мастацтваў і тэхналёгій кінэматографу Францыі, заснавальніка прэстыжнай кінапрэміі «Сэзар», у поўным складзе пайшла ў адстаўку. Прычынай стала шырокае абурэньне, выкліканае намінацыяй на гэтую прэмію найноўшага фільму Рамана Паланскага «Афіцэр і шпіён».

Reuters паведамляе, што фільм «Афіцэр і шпіён», які распавядае пра гэтак званую «справу Дрэйфуса», атрымаў 12 намінацый на прэмію «Сэзар», якая ў Францыі лічыцца адпаведнікам амэрыканскіх «Оскараў».

«Каб ушанаваць тых, хто здымаў фільмы ў 2019 годзе, вярнуць спакой і зрабіць кінафэстываль сьвяткаваньнем, рада дырэктараў прыняла аднагалоснае рашэньне сысьці ў адстаўку», — Reuters цытуе заяву францускай кінаакадэміі.

Паводле агенцтва, сотні актораў, кінапрадусараў і рэжысэраў заклікалі да бойкоту фільму і прэміі ды запатрабавалі рэформу акадэміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нявернасьць у шлюбе, Паланскі і паўналетняя, катастрафічныя дрожджы. Сем імгненьняў тыдня

Летась француская акторка Валянцін Манье абвінаваціла Паланскага ў брутальным згвалтаваньні. Паводле акторкі, гэта адбылося ў 1975 годзе, калі ёй было 18 гадоў і яны абое адпачывалі ў лыжным курорце ў Швайцарыі. У сувязі з гэтым абвінавачаньнем пратэстоўцы не дапусьцілі да паказу фільму «Афіцэр і шпіён» у Парыжы у лістападзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найвышэйшы суд Польшчы канчаткова адмовіў у экстрадыцыі Рамана Паляньскага

У 1977 годзе ў ЗША супроць Паланскага пачалі справу аб сэксуальных зносінах зь непаўналетняй. Паланскі тады прызнаў, што ўступаў у сэксуальныя стасункі з 13-гадовай Самантай Гэймэр падчас фотасэсіі ў Лос-Анджэлесе. Ён правёў 42 дні ў турме, затым яго выпусьцілі на волю пасьля таго, як ён заключыў угоду з праваахоўнікамі. У наступным годзе ён пакінуў Злучаныя Штаты, асьцерагаючыся магчымасьці перагляду пагадненьня.