Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найвышэйшы суд Польшчы канчаткова адмовіў у экстрадыцыі Рамана Паляньскага


Раман Паланскі

Найвышэйшы суд Польшчы ў аўторак, 6 сьнежня, пацьвердзіў рашэньне ніжэйшай інстанцыі аб адмове ў экстрадыцыі кінарэжысэра Рамана Паланскі ў ЗША, дзе яго абвінавачваюць у згвалтаваньні непаўналетняй.

Такім чынам Найвышэйшы суд адхіліў скаргу генэральнай пракуратуры Польшчы. Гэтае рашэньне ёсьць канчатковым.

У кастрычніку 2015 году суд Кракава адмовіўся задаволіць просьбу ЗША аб экстрадыцыі Паляньскага, які мае грамадзянства Польшчы і Францыі.

Улады ЗША зьвярнуліся да Польшчы з патрабаваньнем экстрадаваць 83-гадовага Рамана Паляньскага ў справе аб гвалтаваньні непаўнагадовай ў 1977 годзе.

Паляньскі ў 1977 годзе прызнаў, што ўступаў у сэксуальныя стасункі з 13-гадовай Самантай Гэймэр падчас фотасэсіі ў Лос-Анджэлесе. Ён правёў 42 дні ў турме, затым яго выпусьцілі на волю пасьля таго, як ён заключыў угоду з праваахоўнікамі. У наступным годзе ён пакінуў Злучаныя Штаты, асьцерагаючыся магчымасьці перагляду пагадненьня.

Сама Гэймэр атрымала кампэнсацыю ад рэжысэра яшчэ ў 1993 годзе і заклікала спыніць справу. Тым ня менш, ордэр Інтэрполу на яго арышт дзейнічае дагэтуль на тэрыторыі 188 краін сьвету, і паводле амэрыканскіх законаў рэжысэру пагражае турэмнае зьняволеньне тэрмінам на 50 гадоў.

XS
SM
MD
LG