Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нявернасьць у шлюбе, Паланскі і паўналетняя, катастрафічныя дрожджы. Сем імгненьняў тыдня


Саманта Гэймэр; Роман Паланскі

Сем імгненьняў тыдня, або Рэчы, пра якія мы ня ведалі яшчэ тыдзень таму.

Пазашлюбных дзяцей у беднякоў у чатыры разы болей, чым у багатых

Такая выснова вынікае з дасьледаваньня, праведзенага генэтыкам Каталіцкага ўнівэрсытэту ў Лювэне (Бэльгія) Мартэнам Лярмусо. Лярмусо дасьледаваў храмасомы Y у 513 параў мужчын з Бэльгіі і Нідэрляндаў, якія, паводле генэалёгіі, у далёкім мінулым мелі агульнага мужчынскага продка. Прынцып дасьледаваньня абапіраўся на наступным факце: калі мужчыны сапраўды мелі аднаго мужчынскага продка, то яны павінны мець такую самую Y-храмасому, таму што яна перадаецца выключна ад бацькі да сына. А калі Y-храмасома ў мужчын адрозьніваецца, то гэта значыць, што ў нейкі момант па мужчынскай лініі зьявіўся бацька «збоку».

У дасьледаваньні выявілася, што Y-храмасомы адрозьніваюцца ў выпадку 4% мужчын зь бяднейшых пластоў грамадзтва і ў 1% зь багацейшых (сярэдняя і вышэйшая эканамічныя клясы). Нараджэньні з пазашлюбных зносін мацярэй аказаліся выразна часьцейшымі сярод беднякоў у гарадах, чым на вёсцы.

Нелегальных імігрантаў ў Эўропе менш за 1% насельніцтва

Гэтая нечаканая лічба знаходзіцца ў найноўшай справаздачы Pew Research Center, апублікаванай 13 лістапада. Паводле ацэнкі гэтага дасьледніцкага цэнтру, у 28 краінах Эўразьвязу (уключаючы Вялікабрытанію) і чатырох краінах Эўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (EFTA: Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія і Швайцарыя) пражывае ня болей за 5,3 мільёна нелегальных мігрантаў, то бок такіх, якія ня маюць дазволу на прабываньне ў гэтых краінах. А гэта меней, чым 1% ад усяго насельніцтва Эўразьвязу і краінаў EFTA. Зьдзіўленыя?

Ёсьць мэталі, якія ня тонуць у вадзе (як і павукі)

Амэрыканскія фізыкі стварылі прататыпы мэталічных канструкцый, якія немагчыма патапіць, нават цалкам пагрузіўшы ў ваду. Ідэю вынаходзтва навукоўцы запазычылі ў вадзяных павукоў-серабранак і атрутных вогненных мурашак, целы якіх маюць воданепрымальныя (гідрафобныя) ўласьцівасьці.

Аўтары вынаходзтва спадзяюцца, што ў будучыні можна будзе будаваць незатапляльныя пасажырскія і гандлёвыя судны, а таксама прылады, якія змогуць праводзіць доўгі час пад вадой, не сутыкаючыся зь ёю і не ржавеючы.

Паланскага абвінавацілі ў згвалтаваньні

Француская акторка Валянцін Манье абвінаваціла вядомага рэжысэра Романа Паланскага ў брутальным згвалтаваньні. Паводле акторкі, гэта адбылося ў 1975 годзе, калі яны абое адпачывалі ў лыжным курорце ў Швайцарыі. У сувязі з гэтым абвінавачаньнем пратэстоўцы не дапусьцілі да паказу найноўшага фільму Паланскага — «Афіцэр і шпіён» пра гэтак званую «справу Дрэйфуса» — у Парыжы 12 лістапада.

У 1977 годзе ў ЗША супроць Паланскага пачалі справу аб сэксуальных зносінах зь непаўналетняй. Паланскі тады прызнаў, што ўступаў у сэксуальныя стасункі з 13-гадовай Самантай Гэймэр падчас фотасэсіі ў Лос-Анджэлесе. Ён правёў 42 дні ў турме, затым яго выпусьцілі на волю пасьля таго, як ён заключыў угоду з праваахоўнікамі. У наступным годзе ён пакінуў Злучаныя Штаты, асьцерагаючыся магчымасьці перагляду пагадненьня.

Зборная Англіі па футболе згуляла тысячны міжнародны матч

Адбылося гэта на стадыёне Ўэмблі ў Лёндане 14 лістапада. У кваліфікацыйнай гульні да футбольнага чэмпіянату Эўропы ў 2020 годзе англічане разграмілі чарнагорцаў 7:0.

Зь мячом нападнік зборнай Англіі Гары Кейн
Зь мячом нападнік зборнай Англіі Гары Кейн

Гісторыя міжнародных футбольных матчаў пачалася якраз у Англіі, у 1872 годзе, калі англічане згулялі з шатляндцамі ўнічыю 0:0. У згаданай тысячы міжнародных гульняў англічане перамагалі 569 разоў.

Абы не было вайны

У Беларусі можа ўспыхнуць Трэцяя сусьветная вайна. Ці лепш сказаць, Трэцяя сусьветная можа ўзысьці на беларускіх дражджах. Такую асьцярогу выказаў Аляксандар Лукашэнка на ўрадавай нарадзе 15 лістапада.

Дрожджы ў шклянцы
Дрожджы ў шклянцы

«Сёньня немцы нібыта патрабуюць, каб мы закрылі ўсе нашы вытворчасьці дражджавой галіны і пакінулі адно прадпрыемства для працы на беларускім рынку. І нібыта яно заснаванае на тым, што мы абяцалі гэта зрабіць да таго, як быў пабудаваны ў Слуцку новы дражджавы завод. І мяне таксама ў гэтым пераконвалі і чальцы ўраду, і прэм’ер-міністар, што мы абяцалі, і калі гэта ня зробім, то заўтра пачнецца вайна зь Нямеччынай, якая можа перарасьці ў трэцюю сусьветную», — сказаў Лукашэнка, які запатрабаваў разабрацца, ці абяцалі беларусы нешта такое немцам, і «знайсьці нармальнае выйсьце».

Канец польскай залежнасьці ад «Газпрому»

Польская нафтагазавая кампанія PGNiG перадала расейскаму канцэрну «Газпром» заяву аб намеры не працягваць кантракт на закупку прыроднага газу пасьля заканчэньня дзейнага кантракту. Дзейны кантракт быў заключаны ў 1996 годзе, калі Польшчай кіраваў ўрад посткамуністаў, і сканчаецца 31 сьнежня 2022 году. Формула цаны, закладзеная ў гэты кантракт, з часам дазволіла «Газпрому» навязаць Польшчы найвышэйшую цану за газ з усіх кліентаў у Эўразьвязе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG