Twitter і Facebook аштрафавалі за адмову захоўваць дадзеныя карыстальнікаў у Расеі

Суд у Таганскім раёне Масквы аштрафаваў кампанію Twitter на 4 мільёны расейскіх рублёў (каля 61 тысячы даляраў) за адмову захоўваць дадзеныя расейцаў на сэрвэрах у РФ. Пра гэта 13 лютага паведаміла агенцтва «Интерфакс».

Пазьней такое ж рашэньне было вынесена ў дачыненьні да кампаніі Facebook. Кампаніі прызнаныя вінаватымі ў парушэньні расейскага заканадаўства ў галіне абароны пэрсанальных дадзеных.

«Суд пастанавіў: прызнаць замежную юрыдычную асобу Twitter Inc.
вінаватай ва ўчыненьні правапарушэньня, прадугледжанага ч. 8 арт. 13.11 КаАП РФ, і прызначыць ёй пакараньне ў выглядзе штрафу», — цытуе агенцтва рашэньне суду.

Twitter і Facebook маюць 10 дзён, каб абскардзіць рашэньне і 60 — каб заплаціць штраф. Пры гэтым, паводле расейскага закону пра абарону пэрсанальных дадзеных, выплата штрафу не вызваляе ад неабходнасьці ліквідаваць парушэньне — гэта значыць перанесьці дадзеныя расейцаў на сэрвэры на тэрыторыі РФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люк Скайўокер» выдаліў акаўнт на Фэйсбуку, пратэстуючы супраць палітычнай рэклямы