У Расеі былы начальнік турэмнай службы застрэліўся ў судзе

Ілюстрацыйнае фота

Былы начальнік упраўленьня аўтатранспарту расейскай Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Віктар Сьвірыдаў зрабіў самагубства ў адным з маскоўскіх судоў пасьля таго, як яму вынеслі прысуд па справе аб вымаганьні грошай.

Паводле выданьня «База», ён змог пранесьці ў суд свой ўзнагародны пісталет. Сьмерць Сьвірыдава ад агнястрэльнага раненьня агенцтву «Москва» пацьвердзіла прэс-сакратарка Маскоўскага гарадзкога суду Ульяна Солапава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анархісты атрымалі 14 гадоў на дваіх за шкоду ў 1 рубель 48 капеек. Чаму так шмат?

Сьвірыдава асудзілі за вымаганьне 10 мільёнаў рублёў у свайго былога намесьніка. Асуджаны прызнаў віну, перадае агенцтва «Интерфакс».

Сьвірыдава асудзілі на тры гады калёніі строгага рэжыму. Да гэтага ён знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд. Як паведамляе Тэлеграм-канал Mash, у асуджанага была чацьвёртая — тэрмінальная — стадыя анкалягічнай хваробы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд будзе адкрыты. Назвалі дату пачатку працэсу над экс-намесьнікам сакратара Савету бясьпекі Ўцюрыным