Нямецкая паліцыя затрымала беларускага кіроўцу з 15 кг амфэтаміну

Затрыманьне падазраванага, ілюстрацыйнае фота

У Нямеччыне затрымалі кіроўцу зь Беларусі, у аўтамабілі якога знайшлі 15 кіляграмаў амфэтаміну, спасылаецца Tut.by на мясцовую паліцыю.

Удакладняецца, што на трасе A2 у горадзе Порта-Вэстфаліка ўвагу дарожных інспэктараў прыцягнуў Saab, кіроўца якога досыць дзіўна сябе паводзіў.

Калі аўтамабіль спынілі, высьветлілася, што 37-гадовы беларус мае прыкметы наркатычнага ап’яненьня. Мужчыну адправілі на мэдыцынскі агляд, які пацьвердзіў падазрэньні паліцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аблава на наркагандляроў. Ва Ўкраіне спынілі дзейнасьць групоўкі, якая пастаўляла наркотыкі ў Беларусь

Падчас ператрусу ў салёне машыны знайшлі схаваныя ў прадуктах наркотыкі — 15 кіляграмаў амфэтаміну на суму прыкладна 70 тысяч эўра.

На допыце кіроўца прызнаўся, што зьяўляецца «кур’ерам», а наркотыкі прывёз зь Нідэрляндаў.

Цяпер грамадзянін Беларусі знаходзіцца пад вартай.