Даляр ужо па 2,19. Экспэрты зьвязваюць гэта з нафтавымі праблемамі

Ілюстрацыйнае фота

11 лютага курс даляра працягваў умацоўвацца: цяпер за яго даюць 2,19 беларускага рубля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даляр наблізіўся да гадавога максымуму. Урад плянуе курс 2,35 рубля к 2025 году

Беларускі рубель апускаецца адносна даляра, бо ў Беларусь не паступае валюта ад продажу нафтапрадуктаў, што зьвязана зь перабоямі ў пастаўках нафты. Такую вэрсію Свабодзе агучыў старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Паводле Іосуба, цяпер адбываюцца адразу два паралельныя працэсы: падзеньне беларускага рубля і рост даляра. Рост даляра зьвязаны з сусьветнай тэндэнцыяй, а вось падзеньне рубля зьвязанае з нафтавымі праблемамі.

«Гэта можа быць зьвязана з сытуацыяй па нафце: моцна скарочаныя пастаўкі нафты ў Беларусь, адпаведна скарочаны экспарт нафтапрадуктаў і паступленьне валюты ў краіну. Праблемы з пастаўкамі нафты былі ад пачатку году, і паступова гэта стала адбівацца на валютным рынку. Другое — гэта рост даляра ва ўсім сьвеце», — тлумачыць эканаміст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэм’ер Круты патлумачыў, што такое «сусьветная цана» на расейскую нафту для Беларусі

Беларусь адчувае праблемы з пастаўкамі нафты з пачатку 2020 году, бо не ўдалося дамовіцца з Расеяй аб яе цане. Самым балючым пытаньнем стала прэмія для расейскіх нафтавых кампаній, якую мусіць плаціць Беларусь.

Цяпер пастаўкі нафты ў Беларусь з Расеі ідуць толькі праз кампаніі Міхаіла Гуцэрыева, таксама Беларусь набыла партыю нафты ў Нарвэгіі. Гэтых аб’ёмаў не хапае, каб аднавіць экспарт нафтапрадуктаў у Эўропу і ва Ўкраіну на ранейшым узроўні.