Расейская паліцыя сарвала здымкі кліпу Pussy Riot на студыі «Ленфильм»

Удзельніца Pussy Riot Надзея Талаконьнікава

Паліцыянты сарвалі здымкі новага кліпу расейскага панк-гурту Pussy Riot на песьню «Бесит». Здымкі праходзілі на кінастудыі «Ленфильм».

Удзельніца Pussy Riot Надзея Талаконьнікава паведаміла, што спачатку паліцыянты зайшлі ў павільён, каб папярэдзіць групу аб недапушчальнасьці «прапаганды гомасэксуалізму і экстрэмізму», потым яны сышлі да начальства студыі «Ленфильм», а праз паўгадзіны ва ўсім будынку выключылася сьвятло.

Пасьля гэтага здымачная група арандавала генэратар, але яго не дазволілі занесьці на тэрыторыю студыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве затрымалі ўдзельніцу Pussy Riot за акцыю ў падтрымку палітвязьняў

Талаконьнікава таксама распавяла, што яшчэ два дні таму на «Ленфильм» прыходзілі супрацоўнікі ў цывільным і раілі кіраўніцтву кінастудыі адмяніць здымкі. Але тады ім адмовілі, патлумачыўшы, што Pussy Riot заплацілі за арэнду і аформілі ўсе дакумэнты на законных падставах.