Двое жыхароў Магілёва, якіх 29 студзеня шпіталізавалі з падазрэньнем на каранавірусную інфэкцыю, знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў у мясцовай інфэкцыйнай лякарні.
Як сказаў яе галоўны лекар Юры Ярмоленка, самаадчуваньне пацыентаў здавальняючае, цяпер у лякарні чакаюць вынікаў аналізаў зь Менску.
«Людзі, вярнуўшыся з адпачынку, спалохаліся, што могуць быць заражанымі, і іх шпіталізавалі, — кажа Ярмоленка. — Узялі неабходныя аналізы. Усё стабільна, ніякіх праблемаў няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Магілёве шпіталізавалі мужчыну і жанчыну, падазраюць каранавірусЯк паведаміла Свабодзе прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун, двое жыхароў Магілёва адпачывалі непадалёк ад узьбярэжжа Кітаю на астравах. На радзіму вярталіся зь перасадкай у Кітаі. У Беларусі яны адчулі недамаганьне і зьвярнуліся да мэдыкаў.
У іх узялі пробы, якія вывучаюць у Рэспубліканскім цэнтры эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі. Як высьветліла Свабода, гэта былі мужчына і жанчына. Са сваімі праблемамі яны зьвярнуліся ў магілёўскую паліклініку № 4. Установу адразу зачынілі, і яна не працавала больш за гадзіну. Пацыентаў тым часам у экстраным парадку даставілі ў інфэкцыйную лякарню.
Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я лепш перасяджу ва Ўхані». Чаму беларусы не сьпяшаюцца вяртацца з Кітаю на радзіму