Навукоўцы адкрылі новы мэтад змаганьня імуннай сыстэмы з ракам

Ракавая клетка, ілюстрацыйнае фота

Навукоўцы з Унівэрсытэту Кардыфу ў Брытаніі адкрылі схему ў імуннай сыстэме чалавека, якая дазваляе зьнішчаць розныя віды ракавых клетак. Вынікі іх дасьледаваньняў апублікаваныя ў навуковым часопісе Nature Immunology.

Як паведамляе Бі-бі-сі, мэтад пакуль выпрабоўваўся толькі на жывёлах, але дасьледчыкі кажуць пра яго «агромністы патэнцыял».
Што высьветлілі навукоўцы?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імпэратар усіх хваробаў». Што варта ведаць пра рак і перамогу над ім

Дасьледчыкі шукалі «незвычайныя» і раней невядомыя мэтады, якімі наша імунная сыстэма атакуе ракавыя пухліны. Яны вывучалі Т-клеткі — імунныя клеткі, якія «скануюць» нашае цела, каб ацаніць, ці ёсьць пагроза, якую трэба зьнішчыць. У крыві выявілі тып Т-клетак, які атакуе розныя віды раку, у тым ліку ракавыя клеткі ў лёгкіх, скуры, крыві, прастаце, грудзях, кішэчніку, яечніках і нырках.

Найважнейшым было тае, што гэты тып Т-клетак не атакаваў звычайныя клеткі.

Чым новы мэтад адрозны ад іншых сучасных варыянтаў тэрапіі

Варыянты тэрапіі з выкарыстаньнем Т-клетак ужо існуюць. Самым яркім прыкладам тут зьяўляецца мэтад CAR-T. Імунныя клеткі чалавека мадыфікуюць, каб накіраваць іх на стварэньне канкрэтных антыгенаў супраць раку.

Клінічныя дасьледаваньні з CAR-T паказалі добрыя вынікі ў пацыентаў, якім не дапамагалі іншыя формы лячэньня. Аднак былі і сур’ёзныя пабочныя эфэкты, якія часам прыводзілі да сьмерці людзей. Пакуль што гэтая тэхналёгія даступная толькі для некаторых рэдкіх формаў раку крыві.

У адрозьненьне ад CAR-T, цяпер дасьледчыкі кажуць пра імавернасьць атрымаць «унівэрсальны» спосаб лячэньня раку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі ад раку памёр доктар-анколяг, які вёў блог пра сваю хваробу

Як гэта можа працаваць на практыцы?

Ідэя палягае ў тым, што ў пацыентаў могуць браць узор крыві і перапраграмоўваць іх Т-клеткі, каб рэцэптар ў іх знаходзіў ракавыя клеткі. Пасьля гэтага вялікую колькасьць такіх Т-клетак можна было б вырасьціць у лябараторыі і зноў запусьціць у арганізм пацыента.
Аднак перш чым пачнуцца дасьледаваньні на людзях, трэба яшчэ дадатковыя праверкі, наколькі гэты мэтад бясьпечны.