«Адкрытыя мэдыя» знайшлі ў сям’і новага прэм’ера Расеі незадэклараваную нерухомасьць

Міхаіл Мішусьцін

Сямʼі прэмʼер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна належыць зямля ў Падмаскоўі і пяць дамоў агульным коштам больш як паўтара мільярда рублёў, высьветліла сеціўнае выданьне «Адкрытыя мэдыя». Плошча зямельных участкаў у пяць разоў большая, чым задэкляраваў чыноўнік, а агульны кошт нерухомасьці больш, чым задэкляраваны даход сямʼі чыноўніка ад 2010 году.

Нерухомасьць знаходзіцца ў элітным падмаскоўным пасёлку на Ніколавай гары на захадзе вобласьці. Там у сямʼі прэмʼер-міністра 2,6 гэктара зямлі і пяць жылых дамоў агульнай плошчай 2456 квадратных мэтраў. Афіцыйна яны большай часткай зарэгістраваныя на Расейскую Фэдэрацыю, бо семʼі высокапастаўленых чыноўнікаў хаваюць сваю нерухомасьць. Аднак да гэтага ўчасткі належалі бацьку Мішусьціна, пішуць «Адкрытыя мэдыя» са спасылкай на дадзеныя Расейскага рэестру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісаў музыку для Лепса, гуляе ў хакей і мае дом на Рублёўцы. Факты пра новага прэм’ера Расеі

Ад 2010 году, калі чыноўнік узначаліў Падатковую службу, ён задэкляраваў 213 мільёнаў рублёў даходу, а ягоная жонка — 790 мільёнаў рублёў. Напярэдадні Фонд барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага заклікаў Мішусьціна растлумачыць, якім чынам ягоная жонка зарабіла гэтыя грошы.