«Не было гвалту». Крыўдзіцеляў журналіста не прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці

Магілёўскі журналіст Уладзімер Лапцэвіч, архіўнае фота

Ленінскі суд Магілёва не знайшоў падставаў для крымінальнага перасьледу чыноўніка і міліцыянта за перашкоду прафэсійнай дзейнасьці журналіста Ўладзімера Лапцэвіча. Такое рашэньне прынялі пасьля амаль трохгадовага разьбіральніцтва са справай у Сьледчым камітэце і самім судзе.

Журналіст хацеў прыцягнуць да адказнасьці галоўнага спэцыяліста адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва Канстанціна Кісьцянёва і інспэктара міліцыі Сяргея Калесьнікава. Па словах Лацэвіча, яны не дазволілі яму прысутнічаць на адкрытым сходзе аднаго зь мясцовых гаражных каапэратываў 29 красавіка 2017 году і сілаю вывелі яго з будынка раённай адміністрацыі.

Лапцэвіч кажа, што службоўцы не зьвярнулі ўвагу на прад’яўленае ім пасьведчаньне карэспандэнта БелаПАН.

Паводле яго Кісьцянёў і Калесьнікаў парушылі два артыкулы Крымінальнага кодэксу: «Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста» і «Перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў».

За прамінулы час Сьледчы камітэт больш за 20 разоў адмаўляў журналісту ва ўзбуджэньні крымінальнай справы — але потым пастановы скасоўвалі і суд, пракуратура і самі сьледчыя прызначалі новыя праверкі. У выніку назьбіралася чатыры тамы матэрыялаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 тамы, 2 гады, больш за 10 праверак. Журналіст судзіцца з уладай за перашкоду працы

10 студзеня судзьдзя Вольга Ратнікава пастанавіла: у дзеяньнях службоўцаў адсутнічае склад злачынства. Паводле яе рашэньня яны не наносілі «істотнай шкоды правам і законным інтарэсам Лапцэвіча», у іхных дзеяньнях не было «карысьлівай, або іншай зацікаўленасьці», а таксама іншых дзеяньнях спалучаных з гвалтам.

Уладзімер Лапцэвіч зьбіраецца абскарджваць пастанову Ратнікавай. Ён настойвае, што дзеяньні службоўцаў былі недапушчальныя і незаконныя.