Палата прадстаўнікоў ухваліла абмежаваньне ваенных паўнамоцтваў Трампа ў дачыненьні Ірану
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў дэмакрат Нэнсі Пэлосі
Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла рэзалюцыю аб абмежаваньні ваенных паўнамоцтваў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў дачыненьні да Ірана. За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 224 кангрэсмэны, супраць — 194, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Далей дакумэнт будзе накіраваны ў Сэнат ЗША, дзе 53 з 100 мандатаў маюць рэспубліканцы, якія рэдка галасуюць супраць Трампа, аднак прынамсі двое рэспубліканцаў — сэнатары Рэнд Пол і Майк Лі — ужо выказалі падтрымку рэзалюцыі.
Рэзалюцыю вынесьлі на разгляд Палаты прадстаўнікоў пасьля забойства амэрыканцамі іранскага генэрала Касэма Сулеймані ў ноч на 3 студзеня паблізу аэрапорта Багдада.
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў дэмакрат Нэнсі Пэлосі заявіла, што апэрацыя ліквідацыі Касэма Сулеймані не зрабіла пазытыўнага ўплыву на бясьпеку амэрыканцаў, і абвінаваціла Белы дом у тым, што рашэньне атакаваць прымалася без кансультацыі з Кангрэсам.
Напярэдадні галасаваньня ў Палаце прадстаўнікоў Трамп ў твітэры назваў рэзалюцыю Пэлосі «вар’яцкай», «яшчэ адным махлярствам дэмакратаў» і выказаў надзею, што ўсе рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў прагаласуюць супраць прыняцьця рэзалюцыі.
Гэта сымбалічнае рашэньне Палаты прадстаўнікоў, паколькі рэзалюцыі, прынятыя ў падобным фармаце, не патрабуюць подпісу прэзыдэнта і ня маюць сілы закону.