У Іране хаваюць генэрала, забітага амэрыканскім дронам. ВІДЭА

Пахаваньне генэрала Сулеймані, 7 студзеня 2020

Цела генэрала Касэма Сулеймані даставілі ў яго родны горад Керман на паўднёвым усходзе Ірану. Там праходзіць ягонае пахаваньне. У жалобнай цырымоніі бяруць удзел тысячы мясцовых жыхароў. Сёньняшні дзень у горадзе абвешчаны выходным.

Напярэдадні жалобная цырымонія адбылася ў Тэгеране. Яе наведалі сотні тысяч чалавек. Малітву над целам генэрала прачытаў асабіста вярхоўны лідэр Ірана Алі Хамэнэі. Пасьля малітвы натоўп пачаў скандаваць «Сьмерць Амэрыцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нафта і золата падаражэлі пасьля забойства іранскага генэрала

Сулеймані,​ які камандаваў спэцназам у складзе Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, быў забіты ўдарам з дрона ў раёне багдадзкага аэрапорту 3 студзеня. Удар быў нанесены па распараджэньні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. У Пэнтагоне заявілі, што генэрал распрацоўваў пляны нападу на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў у Іраку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны ЗША абверг інфармацыю пра вывад войскаў з Іраку

Прэзыдэнт Ірану назваў атаку «тэрарыстычным актам» і паабяцаў, што «Амэрыка дорага за яго заплаціць». Іран таксама заявіў пра фактычную размарозку ваеннай ядзернай праграмы.