ЗША забілі іранскага генэрала авіяўдарам у Багдадзе

Касэм Сулеймані, 2 кастрычніка 2019 году

Генэрал Касэм Сулеймані, кіраўнік сілаў «Кудс» — падразьдзяленьня Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, адказнага за спэцыяльныя апэрацыі на тэрыторыі замежных дзяржаваў — быў забіты 3 студзеня ў выніку паветранага ўдару па міжнародным аэрапорце Багдада, сталіцы Іраку.

Пра гэта першым паведаміла дзяржаўная тэлевізія Іраку. Прадстаўнік Пэнтагону пацьвердзіў, што гэта была амэрыканская ваенная апэрацыя, праведзеная на загад прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа.

Касэм Сулеймані лічыўся адным з самых уплывовых людзей Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі і вайсковых структураў Ірану. Разам з Сулеймані быў забіты намесьнік камандзіра Сілаў народнай мабілізацыі — узброенай групоўкі, якую падтрымлівае Іран.

Паводле крыніцы Associated Press, паветраны ўдар быў нанесены пасьля таго, як самалёт з Сулеймані на борце, які прыбыў зь Лібану або з Сырыі, прызямліўся ў Багдадзе. За некалькі гадзінаў да таго Багдадзкі аэрапорт быў аб'ектам ракетнага ўдару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо адклаў паездку ў Беларусь у сувязі з падзеямі ў Іраку

Чакаецца, што сьмерць Сулеймані пацягне ў адказ удары па амэрыканскіх і ізраільскіх аб'ектах на Блізкім Усходзе з боку Ірану і праіранскіх груповак.

Удар па аэрапорце быў нанесены на фоне рэзкага абвастрэньня адносінаў між амэрыканскім кантынгентам у Іраку і праіранскімі ўзброенымі фармаваньнямі. 27 сьнежня 2019 году ў выніку ракетнага ўдару па амэрыканскай вайсковай базе ў Іраку быў забіты амэрыканец-кантрактнік. У адказ ЗША нанесьлі ўдар, які забіў 25 баевікоў праіранскай вайсковай групоўкі. Днём пазьней чальцы той групоўкі арганізавалі аблогу амэрыканскай амбасады ў Багдадзе, зьнішчылі адно з памяшканьняў амбасады. Двухдзённая аблога амбасады была зьнятая 1 студзеня пасьля таго, як стала вядома аб адпраўцы ў рэгіён 750 амэрыканскіх вайскоўцаў.

Трамп абвінаваціў Іран у арганізацыі нападаў на амэрыканскія абʼекты ў Іраку. 4 студзеня за некалькі гадзінаў да паветраных удараў па аэрапорце міністар абароны ЗША Марк Эспэр заявіў, што «ўмовы гульні зьмяніліся». З гэтага часу, паводле яго словаў, на акты гвалту з боку праіранскіх груповак будзе дадзены ваенны адказ.