Пуцін падзякаваў Трампу за папярэджаньне аб тэрактах

Пуцін і Трамп у Осацы, 28 чэрвеня 2019 году.

Тэлефонная размова адбылася ў нядзелю па ініцыятыве расейскага боку паміж прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональдам Трампам, паведамляецца на сайце Kremlin.ru

Пуцін падзякаваў Трампу за перададзеную па лініі спэцыяльных службаў інфармацыю, якая дапамагла прадухіліць тэрарыстычныя акты ў Расеі, гаворыцца ў паведамленьні.

Падчас тэлефоннай размовы абодва прэзыдэнты абмеркавалі пытаньні, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп, магчыма, наведае Парад Перамогі ў Маскве

Агенцтва Інтэрфакс паведаміла, са спасылкай на ФСБ, пра затрыманьне двух чалавек, якія нібыта мелі намер зрабіць тэракт у Санкт-Пецярбургу ў дні навагодніх сьвятаў.

Абодва прэзыдэнты з часу ўступленьня Трампа на пасаду сустракаліся асабіста ня менш за шэсьць разоў, уключаючы саміт «вялікай дваццаткі» ў Осацы ў чэрвені сёлета. Тады Трамп, зьявіўшыся перад журналістамі, якія чакалі інфармацыі зь першых рук аб ходзе гутаркі, сказаў: «Ня ваша справа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праўнучка Хрушчова пра Пуціна, Сталіна, Трампа і цукеркі