Нямеччына адмовіла Ўкраіне ў вайсковай дапамозе на Данбасе

Міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка

Бэрлін адхіліў запыт Украіны на вайсковую дапамогу, заявіў кіраўнік МЗС Украіны Вадзім Прыстайка ў інтэрвію Redaktionsnetzwerk Deutschland, паведамляе «Нямецкая хваля».

Украіна запытвала ў Нямеччыны вайсковую дапамогу для вырашэньня канфлікту на Данбасе. Аднак запыт Кіева быў адхілены. Пра гэта ў інтэрвію нямецкай мэдыягрупе сказаў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.

«Я спадзяюся, што Бэрлін пераасэнсуе гэтую асьцярожную пазыцыю і ўсё-такі прыме рашэньне ўзмацніць абараназдольнасьць Украіны», — сказаў міністар.

Пры гэтым Прыстайка падзякаваў уладам ФРГ за фінансавую падтрымку і залучанасьць у сытуацыю. Паводле яго, Кіеў высока ацэньвае намаганьні Нямеччыны і Эўразьвязу ў вырашэньні канфлікту. Аднак гэтага «недастаткова, каб спыніць гібель людзей». «Гаворка ідзе пра нашае выжываньне», — дадаў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 канфліктаў, за якімі трэба сачыць у 2020 годзе