Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна пачала крымінальную справу за праезд расейскага цягніка па Крымскім мосьце


Расейскі пасажырскі цягнік на Крымскім мосьце, 25 сьнежня 2019

Пракуратура Аўтаномнай рэспублікі Крым пачала крымінальную справу за праезд першага цягніка з Расеі ў анэксаваны Крым па мосьце праз Керчанскую пратоку. Справу пачалі паводле артыкулу аб незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы Ўкраіны. Пра гэта паведамляецца ў Тэлеграм-канале пракуратуры.

«Такія дзеяньні краіны-акупанта груба парушаюць дзяржаўны сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, сьведчаць аб пагардзе агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права», — гаворыцца ў паведамленьні.

Цягнік «Таўрыя» стаў першым пасажырскім цягніком, які праехаў па мосьце праз Керчанскую пратоку. Цягнік ішоў па новым маршруце ў аб’езд тэрыторыі Ўкраіны і прыбыў у Севастопаль з Санкт-Пецярбургу раніцай 25 сьнежня.

23 сьнежня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адкрыў чыгуначнае злучэньне з анэксаваным Крымам. Ён праехаў у кабіне рэйкавага аўтобуса па мосьце праз Керчанскую пратоку.

Крымскі мост злучае Крым з расейскім Краснадарскім краем Расеі. Будаўніцтва пераправы, коштам амаль 230 мільярдаў рублёў (амаль 4 мільярды даляраў), пачалося ў лютым 2016 году. Рух аўтамабіляў па ёй запусьцілі вясной мінулага году — таксама з удзелам Пуціна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG