Апазыцыянэра аштрафавалі за сумны смайлік у «Одноклассниках»

Андрэй Юркоў

Апазыцыянэр выказаў нэгатыўнае стаўленьне да нацысцкага рэжыму, паставіўшы пад допісам у «Одноклассниках» смайлік «сумую», а яго рэакцыю міліцыя расцаніла як распаўсюджваньне экстрэмісцкай інфармацыі.

Дрыбінскі суд (Магілёўская вобласьць) прызнаў вінаватым мясцовага актывіста руху «За Свабоду», былога кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Андрэя Юркова ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і пакараў штрафам у 255 рублёў (10 базавых велічыняў). Справу разглядаў судзьдзя Барыс Пігаль.

Што адбылося?

Нагодай для адміністрацыйнага перасьледу Андрэя Юркова стаў смайлік «Сумую», пастаўлены пад допісам у «Однокласниках» пра колькасьць ахвяраў савецкага і нацысцкага рэжымаў, пазначаных сымболікай Савецкага Саюзу і фашысцкай Нямеччыны. Альгарытм сацыяльнай сеткі аўтаматычна разьмясьціў допіс і на старонцы Юркова. Зьяўленьне на ёй «палатна чырвонага колеру з нацысцкай сымболікай» было кваліфікавана як распаўсюджваньне інфармацыі з «рэспубліканскага сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Пазыцыя Андрэя Юркова

Віны Андрэй Юркоў не прызнаў. Суду даводзіў, што ў ягоных дзеяньнях няма складу правапарушэньня.

«Паставіўшы „сумны“ смайлік, я ня меў намеру распаўсюджваць пост, — тлумачыў ён. — Сваёй рэакцыяй на яго я выказваў нэгатыўнае стаўленьне да нацысцкага і савецкага рэжымаў, якія для мяне аднолькава злачынныя».

Дрыбінскі суд

Андрэй Юркоў зьвязвае адміністрацыйны перасьлед з сваёй палітычнай дзейнасьцю і ўдзелам у выбарчых кампаніях, у тым ліку той, якая скончылася сёлета 17 лістапада. Паводле актывіста, рапарт аб ягоным «правапарушэньні» адправілі з Магілёва дрыбінскай міліцыі праз два дні па сканчэньні выбараў у Палату прадстаўнікоў, хаця на допіс ён адрэагаваў яшчэ 26 верасьня.

«Для мяне відавочна, што прычыны перасьледу палітычна матываваныя, — кажа Юркоў у інтэрвію Свабодзе. — Мяне спрабуюць дыскрэдытаваць як актыўнага ўдзельніка выбарчых кампаніяў».

Дзеяньні міліцыі

Як вынікае з матэрыялаў справы, на актыўнасьць Андрэя Юркова ў «Одноклассниках» зьвярнуў увагу супрацоўнік абласнога ўпраўленьня міліцыі Ўладзімер Пугачоў. Яго рапарт намесьнік начальніка ўпраўленьня Ўладзімер Рыжанкоў даслаў на рэагаваньне ў Дрыбінскі аддзел міліцыі.

Пазыцыя судзьдзі

Судзьдзя Барыс Пігаль пакараў Андрэя Юркова мінімальным штрафам, які прадугледжвае 2-я частка артыкулу 17.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. У сваім тлумачэньні судзьдзя прызнаў, што абвінавачаны ня меў мэты распаўсюджваць сымбалі, але факт распаўсюджваньня, ня ягоную думку, быў.

«Вы самі прызнаяце, што вашы сябры маглі бачыць сымбаль на вашай старонцы», — адзначыў судзьдзя ў тлумачэньні выраку.

Андрэй Юркоў па сканчэньні суду заявіў, што будзе абскарджваць прысуд. На ягоную думку, судзьдзя ня мог вынесьці іншай пастановы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гамафобныя публікацыі газэты «Вечерний Могилёв» не прызналі экстрэмісцкімі