Вялікая Брытанія выйдзе з Эўразьвязу да 31 студзеня, — каралева

Каралева Вялікабрытаніі Лізавета II

Вялікая Брытанія выйдзе з ЭЗ не пазьней за 31 студзеня 2020 году, пасьля чаго паспрабуе заключыць з Брусэлем і іншымі краінамі пагадненьні аб свабодным гандлі. Пра гэта заявіла каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II, выступаючы з троннай прамовай на адкрыцьці новай сэсіі брытанскага парлямэнту.

Галоўнымі тэмамі прамовы былі прыярытэты ўраду налета. Прамову для манарха традыцыйна рыхтуе кабінэт міністраў.

Сярод прыярытэтаў, якія таксама пазначыў кабінэт прэм’ер-міністра Борыса Джонсана — значны рост фінансаваньня Нацыянальнай сыстэмы аховы здароўя і рэформа іміграцыйнай сыстэмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія вызначыла жорсткія тэрміны заключэньня пагадненьня аб Brexit

Пасьля выступу Лізаветы II дэпутаты Палаты грамадаў пачнуць дэбаты ў пытаньнях, што тычацца зьместу троннай прамовы. Ужо 20 сьнежня, як чакаецца, на разгляд будзе прадстаўлены ўрадавы законапраект аб Brexit. 12 сьнежня ў Вялікай Брытаніі адбыліся парлямэнцкія выбары. Перамогу атрымала Кансэрватыўная партыя прэмʼера Борыса Джонсана — заўзятага прыхільніка Brexit.