«Рэпартэры бязь межаў»: 380 журналістаў у сьвеце знаходзяцца за кратамі

Акцыя ў Парыжы ў падтрымку арыштаваных журналістаў (архіўнае фота)

380 журналістаў і іншых работнікаў СМІ знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі з прычыны сваёй прафэсійнай дзейнасьці. Гэта на 12 адсоткаў больш, чым летась.

Пра гэта паведамляецца ў штогадовай справаздачы міжнароднай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» пра сытуацыю са свабодай слова ў сьвеце, апублікаванай 17 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калінкіна: «Я б не сказала, што справа забойства Шарамета раскрытая»

Больш за ўсё журналістаў, якія апынуліся за кратамі, у Кітаі (120 чалавек), затым ідуць Эгіпет (36) і Сырыя (32). Беларусі ў гэтай статыстыцы няма.

З пачатку году ў сьвеце быў забіты 51 журналіст, гэта ўдвая менш, чым годам раней. Самымі небясьпечнымі для журналістаў краінамі у 2019 годзе сталі Мэксыка, Сырыя, Аўганістан, Пакістан і Самалі, адзначаецца ў дакладзе.

Акрамя таго, 57 работнікаў СМІ былі выкрадзеныя, адзін з іх на ўсходзе Ўкраіны, астатнія ў Сырыі, Емэне і Іраку. Многія зь іх лічацца зьніклымі бязь вестак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы расейскі закон пра «замежных агентаў» пагражае бясьпецы журналістаў, — прэзыдэнт РСЭ/РС

Арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» падкрэсьлівае, што ў справаздачы гаворыцца толькі пра тых, пра каго дакладна вядома, што яны пацярпелі або загінулі праз сваю прафэсійную дзейнасьць.