У Менску падаражэе праезд. Апошні раз гэта адбылося 2 гады таму

У Менску падвысяць кошт праезду ў гарадзкім грамадзкім транспарце. Падаражэньне складзе 5 капеек, як і ў рэгіёнах.

Пра гэта паведамляе FINANCE.TUT.BY са спасылкай на Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. Адпаведнае рашэньне Менгарвыканкама ўжо прынята, але пакуль не апублікавана.

Талёнчык на адну паездку на наземным гарадзкім транспарце будзе каштаваць 65 капеек, а жэтон у мэтро — 70 капеек. Дата, зь якой падаражэе праезд, не паведамляецца.

У Гарадзенскай, Гомельскай і Менскай абласьцях кошт праезду ў гарадзкім грамадзкім транспарце падвысяць зь 15 сьнежня, а ў Берасьцейскай паднялі з 11 сьнежня.

У сталіцы ў апошні раз кошт праезду ў гарадзкім грамадзкім транспарце вырастаў 1 лістапада 2017 года — на 5 капеек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праезд у Менску мае каштаваць 2,10–2,85 рубля, каб акупляўся, — «Менсктранс»

У 2018 годзе беларусы кампэнсавалі 70% выдаткаў на праезд у гарадзкім аўтамабільным транспарце. Астатнюю суму кампэнсуюць зь дзяржбюджэту.