Лукашэнка паабяцаў «пэрсанальную амністыю» для асуджаных за спажываньне наркотыкаў 

Суд за распаўсюд наркатычных рэчываў

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў «пэрсанальныя рашэньні» ў справе амністыі да асуджаных паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу, перадае БелТА.

Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі прынята шмат захадаў, у тым ліку дастаткова жорсткіх, для процідзеяньня распаўсюду наркотыкаў. І гэта дало станоўчы эфэкт — колькасьць злачынстваў у наркасфэры значна скарацілася.

«Людзі пачалі баяцца. Зь іншага боку, я ж разумею: мы — транзытная дзяржава, сынтэтычныя наркотыкі нам вязуць у асноўным з Заходняй Эўропы праз Польшчу, Літву. Нам вельмі цяжка змагацца з гэтым, асабліва калі ў інтэрнэт зайшоў — і яны існуюць адкрыта», — адзначыў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У магілёўскай калёніі асуджаны па наркатычным артыкуле абвясьціў галадоўку

Аднак, на яго думку, у праваўжывальнай практыцы трэба падзяляць пакараньне: адна справа — вырабляць, другое — распаўсюджваць, а трэцяе — ужываць.

«Напэўна, мы недаацанілі тое, што ўжываньне наркотыкаў — гэта хвароба: шкодная, горш, чым піць, паліць. І з гэтым страшным злом трэба змагацца. Мы змагаемся і прынялі досыць жорсткія рашэнні. Маці трэба было тады турбавацца за сваіх дзяцей».

Ацаніўшы наступствы, Лукашэнка прызнаў, што дзесьці можна адступіць з тымі, хто «патрапіў у гэтую бяду ў пляне ўжываньня наркотыкаў».
Лукашэнка заявіў, што ўжо даручана, каб яму на разгляд унесьлі прапанову аб памілаваньні асобных асуджаных паводле артыкулу 328.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаных за наркотыкі ў Беларусі могуць пачаць выпускаць «на парукі»