Амэрыканскі сэнатар запатрабаваў прызнаць Расею «спонсарам тэрарызму»

Сэнат ЗША

Камітэт міжнародных адносінаў Сэнату ЗША прапанаваў разгледзець пытаньне аб прызнаньні Расеі «спонсарам тэрарызму».

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», аўтар законапраекту, сэнатар- рэспубліканец Коры Гарднэр усклаў на Маскву адказнасьць за катастрофу малайзійскага авіялайнэра над акупаванай тэрыторыяй Данбасу і ўжываньне хімічнай зброі ў Вялікай Брытаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка ЗША: Расея і Кітай уяўляюць галоўную пагрозу

Гарднэр патрабуе ад Дзярждэпартамэнту цягам 90 дзён дакласьці Кангрэсу, ці адпавядае Расея вызначаным заканадаўствам ЗША крытэрам для ўнясеньня яе ў сьпіс дзяржаў – спонсараў тэрарызму.

Цяпер у гэтым сьпісе Паўночная Карэя, Іран, Сырыя і Судан. У дачыненьні іх ужываюцца санкцыі, якія тычацца абмежаваньня на дапамогу ЗША, забароны на продаж прадукцыі абароннага прызначэньня, кантролю за экспартам тавараў двайнога прызначэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крымінальнае чытво» ці рэальнасьць —The New York Times пра расейскіх шпіёнаў на Захадзе

«Расея Пуціна ўварвалася ў суседнія Грузію і Ўкраіну, падтрымлівае крывавы рэжым Асада ды іншых нашых праціўнікаў па ўсім сьвеце, ўмешваецца ў выбары і вядзе актыўную інфармацыйную вайну супраць заходніх дэмакратый», — адзначыў сэнатар.

Пакуль Расея ня зьменіць сваіх паводзінаў карэнным чынам, мы не павінны паўтараць памылкі папярэдніх адміністрацый, спрабуючы нармалізаваць стасункі зь дзяржавай, якая па-ранейшаму зьяўляецца сур’ёзнай пагрозай для ЗША і іх саюзьнікаў, падсумаваў Коры Гарднэр.