На БелАЭС рыхтуюцца да «гарачай абкаткі» рэактарнай устаноўкі 

Вучэньні на Беларускай АЭС

На першым энергаблёку Беларускай АЭС пачаліся пусканаладачныя работы перад пачаткам фізычнага пуску — гарачая абкатка рэактарнай устаноўкі, спасылаецца Tut.by на прэс-рэліз «Росатома».

Паводле дырэктара праекту ўзьвядзеньня БелАЭС Віталя Паляніна, гарачая абкатка — гэта тэхналягічны працэс, які імітуе працу энэргаблёку, з той розьніцай, што замест сапраўдных у рэактар загружаюцца імітатары цеплавыдзяляльных зборак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы энэргаблёк Беларускай АЭС «гатовы на 97%»

Адмыслоўцы правераць працаздольнасьць асноўнага абсталяваньня на адпаведнасьць патрабаваньням бясьпекі. Акрамя таго, сюды ўваходзіць праверка сыстэмы электрасілкаваньня ўласных патрэбаў пры рэжымах перапыненьня, поўнага абясточваньня энергаблёку з мадэляваньнем аварыйнай сытуацыі.

«Мы выйшлі на фінішную прамую падрыхтоўкі энэргаблёку да пуску, — адзначыў Палянін. — Наступны этап, згодна з плянам падрыхтоўкі, — рэвізія асноўнага і дапаможнага абсталяваньня першага і другога контураў энэргаблёку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня дай Бог другі Чарнобыль». Лукашэнка ўвязаў бясьпеку АЭС з амэрыканскімі вайскоўцамі ў Літве 

Пуск першага энергаблёку БелАЭС заплянаваны на студзень 2020 году. Раней планавалася, што ён запрацуе ў 2018-м, аднак праз тое, што беларускі бок запатрабаваў замяніць корпус рэактара пасьля інцыдэнту зь яго падзеньнем, тэрміны перанесьлі.

АЭС у Астраўцы будуецца паводле расейскага праекту, на будаўніцтва Расея выдала экспартны крэдыт у памеры 10 млрд даляраў.
Экалягічныя арганізацыі ў Беларусі і прадстаўнікі краін Эўразьвязу заклапочаныя патэнцыйнай пагрозай, якую нясе з сабой атамная электрастанцыя як самім беларусам, так і суседзям.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас перавозкі корпусу рэактара БелАЭС адбылася няштатная сытуацыя