Лепей за сэкс. Чаму людзі ходзяць у горы

Блог Алеся Пілецкага да Міжнароднага дня гор.

Лістапад 2018. Я па калена ў сьнезе на вышыні 3500 мэтраў спрабую запакаванай у вялізную пальчатку рукой паправіць кошкі на пакрытых скарынкай лёду ботах. Выпадае ня вельмі. Навокал цемра, адбітае ад сьнегу сьвятло ліхтара сьлепіць вочы.

Бяз кошак ісьці далей небясьпечна для жыцьця, склон нахілены на 30%, і кожны няўпэўнены крок можа быць апошнім. Скаціцца нават на сотню мэтраў уніз — такое сабе задавальненьне. У мяне за сьпінай паўкілямэтра. Яшчэ столькі ж ісьці ўгару.

Атлас, Марока

За 60 км ад Маракешу

У роспачы сядаю проста ў глыбокі сьнег і спрабую надыхацца марозным паветрам. П’ю гарбату з тэрмаса. Піць трэба хутчэй, тэмпэратура каля −10, нават гарачая гарбата можа замерзнуць на сьценках мэталічнага кубка. «Нішто сабе Афрыка», — думаю я. І назіраю, як на 50 мэтраў ніжэй за мяне група палякаў вырашае вярнуцца ў прытулак.

Пад'ём на Тубкаль

І спуск да людзей

Сяджу яшчэ хвілін 15, усё ж папраўляю абутак ды іду далей угару, даганяць сяброў, разам зь якімі мы прыехалі скарыць найвышэйшую вяршыню Паўночнай Афрыкі — гару Тубкаль. Летам гэта сярэдняй складанасьці горны трэкінг. У лістападзе — прыгода на вялікага аматара. Праз тры гадзіны, седзячы на камені на вышыні 4167 мэтраў і зьвесіўшы ногі ў прорву, я буду самым радасным чалавекам ва ўсім Марока.

Нацыянальны парк Аннапурна, Нэпал

Перадгор'і Гімалаяў, Нэпал

Красавік 2017. Мы зь сяброўкай сядзім у агульным пакоі турыстычнага прытулку ў Манангу, Нэпал. Гэта першы пункт на шляху вакол Анапурны, дзе мы зьбіраемся адпачываць цэлы дзень. І апошні больш-менш цывілізаваны пункт. За намі пяць дзённых пераходаў і сотня кілямэтраў горных сьцежак, дарог, пераправаў цераз рэкі, начлегаў у нэпальскіх вёсках.

Упершыню за апошні тыдзень нам нікуды ня трэба заўтра ісьці, можна піць простую гарбату з гарачымі булкамі, грэць ногі ля печы, чытаць кнігі і знаёміцца зь іншымі падарожнікамі. Тут няма гарачага душа, у нашым пакоі на другім паверсе каля нуля, а ежа як у шапіку «ДорОрса» на вакзале ў Асіповічах.

Гімалаі, сьвітанак

Шлях вакол Аннапурны, Нэпал

Перад сном выходжу на кароткі шпацыр і раптам бачу, што зь неба на гэтае аддаленае ад цывілізацыі старажытнае будысцкае мястэчка ў поўнай цішыні падаюць сьняжынкі памерам з маю далонь (так, з цэлую далонь!). Адчуваю нешта на мяжы шчасьця. Забягаю назад у цёплы прытулак і клічу ўсіх паглядзець, як прыгожа знадворку. На наступны дзень гэты незвычайны сьнег хутка растане, а мы безь цяжкіх заплечнікаў лёгка падымемся да высечанага ў скале на вышыні 4000 мэтраў манаскага прытулку. І будзем назіраць адтуль за верталётамі і аблокамі, якія пралятаюць па даліне далёка-далёка ўнізе пад нашымі нагамі.

Ганнгапурна, 7200 м, Нэпал

Нацыянальны парк Аннапурна, Нэпал

Чэрвень 2019, Верхняя Сванэтыя ў Грузіі. Ноч, да ўзыходу сонца яшчэ гадзіна. Я выцягваюся з абледзянелага намёту на вышыні 3000 мэтраў і набіраю ў кацялок для газавай фаеркі зьмерзлы сьнег. Таплю яго на агні, зьбіраю яшчэ і яшчэ, каб хапіла на два кубкі кавы. Сьпяшаюся, трэба пасьпець да сьвітанку, іначай канец майму пляну выпіць кавы, вітаючы сонца. Усё пасьпяваю за 10 хвілін да таго, як памаранчавы дыск выходзіць з-за вяршыні Тэтнульда. Лыжка самай звычайнай кавы з супэрмаркету, натопленая са сьнегу вада без аніякага смаку, «барбарыска» замест цукру. Але гэта самы смачны напой, які толькі можна сабе ўявіць. Бо разам зь ім цёплыя сонечныя прамяні і горы-горы-горы навокал у марознай цішыні.

Тэтнульд

Від на Сванскі хрыбет з ваколіцаў Месціі, Верхняя Сванэтыя

«Божа, ты звар’яцеў? Ты ня можаш нармальна адпачыць, як усе людзі? — чую ад знаёмых і сяброў кожны раз, як расказваю пра свае наступныя падарожныя пляны. — Ня можаш паехаць у Турцыю на пляж? Ня можаш запрасіць кагосьці прыгожага на тыдзень у Рым? Ты ведаеш, што ты ненармальны?».

Верхняя Сванэтыя, Грузія

Я часам сам думаю, што ненармальны. Хадзіць у горы дорага, небясьпечна і цяжка. Там вельмі часта страшна і некамфортна. Але я ўсё адно ня ведаю, што адказваць на пастаяннае: «Навошта ты ходзіш у горы?»

Блін, гэта прыкладна як запытацца ў кагосьці: навошта ты займаесься сэксам? Вядома ж, навошта. Гэта проста вельмі прыемна. А ў выпадку з гарамі — часта нават яшчэ больш.

Раніца ў Гімалаях

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.