Расейскія пашпарты атрымалі 125 тысяч жыхароў «ДНР» і «ЛНР»

Міністар унутраных спраў Расеі Ўладзімір Калакольцаў паведаміў, што з красавіка 2019 году расейскія пашпарты атрымалі каля 125 тысяч чалавек, якія пражываюць на тэрыторыі так званых Данецкай і Луганскай «народных рэспублік».

Паводле Калакольцава, агулам у пункты прыёму дакумэнтаў у Растоўскай вобласьці паступіла больш за 160 тысяч заяў на атрыманьне расейскага грамадзянства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нідэрлянды прасілі арыштаваць падазраванага ў справе зьбітага «Боінга». Расея адказала, што ён «у іншай краіне»

Указ аб спрошчаным парадку выдачы расейскага грамадзянства жыхарам тэрыторый, якія кантралююцца сэпаратыстамі «ДНР» і «ЛНР», падпісаў сёлета ў красавіку прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. У ліпені ён распаўсюдзіў дзеяньне ўказу на ўсіх жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.

Урад Украіны прызнаў незаконнымі расейскія пашпарты, выдадзеныя паводле гэтай працэдуры. З аналягічнымі заявамі выступілі ўлады Канады і прадстаўнікі Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы «мэр» гораду ў «ДНР» назваў сябе ўкраінскім выведнікам

У адказ прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі спрасьціў працэдуру атрыманьня ўкраінскіх пашпартоў грамадзянамі Расеі, калі тыя падвяргаліся «перасьледу паводле палітычных перакананьняў» ці падтрымлівалі «нацыянальную бясьпеку і абарону Ўкраіны».