Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы «мэр» гораду ў «ДНР» назваў сябе ўкраінскім выведнікам


©Shutterstock

Былы «народны мэр» гораду Горлаўка, што ад 2014 году пад кантролем баевікоў «Данецкай народнай рэспублікі», заявіў, што пяць гадоў працаваў пад прыкрыцьцём. Эдуард Мацюха ў інтэрвію ТСН назваў сябе выведнікам Мінабароны Ўкраіны.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі пацьвердзіў, што Эдуард Мацюха «падаваў неабходную інфармацыю аб рэальнай сытуацыі на акупаваных тэрыторыях».

Мацюха сьцьвярджае, што працаваў пад прыкрыцьцем усе пяць гадоў пасьля пачатку вайны, ён перадаў зьвесткі пра вайсковыя пляны «пра захоп Харкаўскай і Адэскай вобласьці», а таксама быў ініцыятарам стварэньня сайту «Миротворець», дзе зьбіраюцца зьвесткі пра «сэпаратыстаў і агентаў Крамлю».

У 2014 годзе ён на некалькі дзён стаў «народным мэрам» Горлаўкі пад кантролем ДНР, але быў на пасадзе нядоўга. Ён кажа, што яго зьнялі з пасады праз супярэчку паміж баевікамі — але ягоным заданьнем якраз і было стварэньне канфлікту між групоўкамі «сэпаратыстаў». Пасьля ён стаў першым сакратаром гарадзкога камітэту камуністычнай партыі — праз расейскую КПРФ, кажа ён, Крэмль і каардынуе сваю дзейнасьць у «ДНР/ЛНР», Абхазіі, Паўднёвай Асэтыі і Прыднястроўі.

Жонка Мацюхі, як сьцьвярджаецца, пяць гадоў ня бачыла мужа і думала, што ён сапраўды працуе на «сэпаратыстаў».

Расейскія СМІ адзначаюць: у «ДНР» заяўляюць, што Мацюха ня быў «дапушчаны да дзяржаўных таямніцаў» і нашкодзіў сэпаратыстам нібыта толькі тым, што краў і перапрадаваў гуманітарную дапамогу, «пакуль яму ня далі па лапах».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG