Лукашэнка расказаў, чаму адпусьціў Домрачаву працаваць трэнэркай у Кітай

Дар'я Домрачава пасьля вяртаньня з Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі

Аляксандар Лукашэнка расказаў, што алімпійская чэмпіёнка ў біятлёне Дар’я Домрачава «адпрошвалася ў яго», каб з мужам Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам паехаць трэнаваць каманду Кітаю.

Такое прызнаньне ён зрабіў падчас сустрэчы з чальцамі нацыянальнай зборнай у веславаньні на байдарках і каноэ.

«Я кажу: не магу адмовіць, бо Сі Цзіньпін (генэральны сакратар ЦК кампартыі Кітаю. — РС) адмовіць мне потым у іншым. Яны паехалі, нічога страшнага. Калі будзе вынік, кітайцы надоўга запомняць, што беларусы дапамаглі», — цытуе Лукашэнку агенцтва БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Домрачава і Б’ёрндален будуць трэнаваць кітайскіх біятляністаў. Чаму не беларускіх?  

Вяртаючыся пасьля гэтага да асноўнай тэмы, Аляксандар Лукашэнка назваў сучасны спорт «вайной бяз правілаў».

«Той жа хакей, футбол (дзе нам хацелася б, каб былі вынікі, як у вас) — гэта сёньня не спаборніцтва, нават ня бітва. Гэта вайна. Бо спорт стаў палітыкай. Як толькі ўбачылі недзе, калі гэта не амэрыканец, можа быць, яшчэ не кітаец, дык пачынаюць прэсаваць», — лічыць ён.

Акрамя таго, давёў Лукашэнка, спартоўцы павінны спаборнічаць перш за ўсё дзеля перамогі, а не дзеля грошай.

«Як можна наагул спаборнічаць за грошы? Я не разумею. Спаборнічаць трэба за перамогу. А пасьля перамогі прыходзь і патрабуй, што ты лічыш патрэбным: і грошы, і кватэры, і зямельныя надзелы, і іншае. Калі няма выніку, што можна сказаць людзям?», — падсумаваў ён.

Аляксандар Лукашэнка-хакеіст

Тыдзень таму Аляксандар Лукашэнка, які больш за 20 гадоў таксама займае пасаду прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту (намесьнікам у яго старэйшы сын Віктар), заклікаў спартоўцаў «ваяваць». Адначасова папярэдзіў, што знойдзе ўправу на тых, хто ня дасьць рады пастаўленай задачы.

«Падумайце, перш чым ехаць на Алімпіяду ў Токіё галоўнымі трэнэрамі, дарадцамі, спэцыялістамі, ці варта гэта рабіць наагул, — заявіў Лукашэнка. — Бо калі турыстамі туды зьезьдзіце, лепш назад не вяртайцеся. Гэта я вам кажу як прэзыдэнт краіны, а не кіраўнік грамадзкай арганізацыі. Разумейце мяне як хочаце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка патлумачыў, чаму прызначыў сына сваім намесьнікам у НАК

Гэтаксама Лукашэнка раскрытыкаваў спартоўцаў, якія замест таго, каб рабіць свой унёсак у разьвіцьцё беларускага спорту, толькі «ганьбяць краіну».

«Калі чалавек выходзіць на высокі ўзровень, ён павінен неяк удзельнічаць у далейшым разьвіцьці спорту ў краіне, — адзначыў ён. — Такіх відаў дастаткова. Але футбалісты і хакеісты пакуль толькі грошы атрымліваюць, а краіну ганьбяць».