На выбарах у Ганконгу перамагла апазыцыя

Выбарнікі ў чарзе на выбарчы ўчастак у Ганконгу, 24 лістапада 2019 году

Кандыдаты ад апазыцыйных рухаў і партый у Ганконгу атрымалі пераканаўчую перамогу на выбарах у раённыя саветы дэпутатаў 18 акругаў Ганконгу, якія прайшлі 24 лістапада.

Як вынікае з папярэдніх вынікаў, паводле мясцовай тэлекампаніі RTHK, апазыцыйныя кандыдаты атрымалі 388 месцаў з 452.

Яўка на першых выбарах пасьля пачатку масавых пратэстаў склала 71% (прагаласавалі каля 2,9 млн чалавек). На мінулых выбарах у 2015 годзе яўка была каля 47%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ганконгу праходзяць першыя пасьля пачатку масавых пратэстаў выбары. Што яны могуць зьмяніць

Раённыя саветы ня маюць заканадаўчых паўнамоцтваў. Яны служаць дарадчымі органамі для прыняцьця мясцовых рашэньняў. Аднак вынікі выбараў на фоне акцый пратэсту могуць служыць указаньнем на характар будучых выбараў у больш уплывовую заканадаўчую раду і на кіроўныя пасады.

У чэрвені ў Ганконгу пачаліся акцыі пратэсту супраць намераў уладаў дазволіць экстрадыцыю грамадзян Ганконгу ў Кітай. Былая брытанская калёнія была перададзеная пад юрысдыкцыю Пэкіну ў 1997 годзе. Ганконг цяпер мае статус «спэцыяльнага адміністрацыйнага рэгіёну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 22 акцыя пратэсту ў Ганконгу. Паліцыя ўжыла сьлезацечны газ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнты ў Ганконгу працягваюць абарону, хоць у іх сканчаецца ежа і вада

Што варта ведаць пра пратэсты ў Ганконгу

Што такое ўвогуле Ганконг?

Ганконг — спэцыяльная адміністрацыйная адзінка Кітайскай Народнай Рэспублікі, знаходзіцца на ўсходнім узьбярэжжы Кітаю пад Паўднёва-Кітайскім морам. Гэта адзін з асноўных фінансавых цэнтраў Азіі і сьвету.

Ганконг разьмяшчаецца на Каўлунскай паўвысьпе, а таксама яшчэ на 260 малых выспачках. На поўначы мяжуе са спэцыяльнай эканамічнай зонай Шэньчжэнь у складзе кітайскай правінцыі Гуандун. У Ганконгу жыве больш за 7 мільёнаў чалавек на тэрыторыі 1104 км2 – гэта амаль у 190 разоў меншая тэрыторыя, чым у Беларусі.

Доўгі час Ганконг быў брытанскай тэрыторыяй і перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.

Што выклікала пратэсты?

Улады Ганконгу ўнесьлі ў парлямэнт законапраект аб экстрадыцыі правапарушальнікаў, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах, на мацерыковы Кітай. Экстрадыцыя з Ганконгу цяпер магчымая толькі на падставе дамоваў, якія былі заключаны яшчэ да пераходу гораду пад юрысдыкцыю КНР.

У чэрвені 2019 году дакумэнт выклікаў шматлікія пратэсты жыхароў Ганконгу. Крытыкі дакумэнту казалі, што ён мог быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскага правасудзьдзя дысыдэнтаў і несправядліва перасьледаваных людзей.

Антыўрадавы пратэст у Ганконгу, 20 кастрычніка 2019

Дэманстрацыі выліліся ў масавы рух з патрабаваньнем дэмакратычных пераўтварэньняў. Адміністрацыя Ганконгу неаднаразова абвяшчала пра адмову ад законапраекту. Аднак пратэстоўцы сталі патрабаваць афіцыйна адклікаць дакумэнт і працягнулі маршы пад лёзунгамі абароны сувэрэнітэту Ганконгу ад дамаганьняў Кітаю.

Што цяпер з гэтым законапраектам?

23 кастрычніка ўлады Ганконгу афіцыйна адклікалі законапраект. Аднак гэта не спыніла пратэстаў.

За месяцы ранейшых пратэстаў на вуліцах гораду неаднаразова ўзьнікалі сутычкі паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Паліцыянты ўжывалі сілу для разгону актывістаў і адзін раз выкарысталі агнястрэльную зброю. Раненьне атрымаў адзін чалавек. Тысячы ўдзельнікаў акцый атрымалі лёгкія раненьні і траўмы, а больш за дзьве з паловай тысячы былі арыштаваны. Іх вызваленьне цяпер зьяўляецца адным з патрабаваньняў пратэстоўцаў да ўладаў.