Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ганконгу праходзяць першыя пасьля пачатку масавых пратэстаў выбары. Што яны могуць зьмяніць


Чарга на выбарчы ўчастак
Чарга на выбарчы ўчастак

У Ганконгу ў нядзелю праходзяць першыя пасьля пачатку масавых пратэстаў у горадзе выбары. Жыхары абіраюць членаў 18 раённых радаў — да абеду назіральнікі адзначаюць на галасаваньні рэкордную яўку, перадае ВВС.

Што яны могуць зьмяніць

Раённыя выбары ня могуць наўпрост паўплываць на расклад палітычных сілаў у горадзе, аднак галасаваньне можа стаць важнай праверкай папулярнасьці гарадзкіх уладаў і апазыцыі мэгаполісу. З сакавіка ў ім не спыняюцца масавыя пратэсты прыхільнікаў дэмакратыі і празаходняй арыентацыі Ганконгу.

Чым займаюцца акруговыя рады

Гарадзкія ўлады сьцьвярджаюць, што большасьць гараджанаў не падтрымліваюць протэстоўцаў. 24 лістапада выбіраюцца 452 з 479 сябраў акруговых радаў. Сябры акруговых радаў звычайна займаюцца пытаньнямі раённага добраўпарадкаваньня, але шэсьць чалавек прадстаўляюць акругі ў гарадзкім парлямэнце, выбары ў які заплянаваныя на 2020 год.

Каго выбіраюць, а каго прызначаюць

Акрамя таго, члены акруговых радаў удзельнічаюць у выбарах кіраўніка адміністрацыі Ганконгу. 117 акруговых дэпутатаў атрымліваюць месцы ў камітэце выбарнікаў. Усяго ў ім за 1200 чалавек, большасьць выбарнікаў прызначаюцца ўладамі Кітая.

Цяпер каля 75 працэнтаў месцаў у радах кантралююць праўрадавыя партыі, нагадвае ВВС. Сёлета для ўдзелу ў галасаваньні зарэгістраваліся 4,13 мільёна выбарнікаў, што на 33 працэнты больш, чым на выбарах у 2015 годзе.

Што варта ведаць пра пратэсты ў Ганконгу

Што такое ўвогуле Ганконг?

Ганконг — спэцыяльная адміністрацыйная адзінка Кітайскай Народнай Рэспублікі, знаходзіцца на ўсходнім узьбярэжжы Кітаю пад Паўднёва-Кітайскім морам. Гэта адзін з асноўных фінансавых цэнтраў Азіі і сьвету.

Ганконг разьмяшчаецца на Каўлунскай паўвысьпе, а таксама яшчэ на 260 малых выспачках. На поўначы мяжуе са спэцыяльнай эканамічнай зонай Шэньчжэнь у складзе кітайскай правінцыі Гуандун. У Ганконгу жыве больш за 7 мільёнаў чалавек на тэрыторыі 1104 км2 – гэта амаль у 190 разоў меншая тэрыторыя, чым у Беларусі.

Доўгі час Ганконг быў брытанскай тэрыторыяй і перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.

Што выклікала пратэсты?

Улады Ганконгу ўнесьлі ў парлямэнт законапраект аб экстрадыцыі правапарушальнікаў, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах, на мацерыковы Кітай. Экстрадыцыя з Ганконгу цяпер магчымая толькі на падставе дамоваў, якія былі заключаны яшчэ да пераходу гораду пад юрысдыкцыю КНР.

У чэрвені 2019 году дакумэнт выклікаў шматлікія пратэсты жыхароў Ганконгу. Крытыкі дакумэнту казалі, што ён мог быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскага правасудзьдзя дысыдэнтаў і несправядліва перасьледаваных людзей.

Антыўрадавы пратэст у Ганконгу, 20 кастрычніка 2019
Антыўрадавы пратэст у Ганконгу, 20 кастрычніка 2019

Дэманстрацыі выліліся ў масавы рух з патрабаваньнем дэмакратычных пераўтварэньняў. Адміністрацыя Ганконгу неаднаразова абвяшчала пра адмову ад законапраекту. Аднак пратэстоўцы сталі патрабаваць афіцыйна адклікаць дакумэнт і працягнулі маршы пад лёзунгамі абароны сувэрэнітэту Ганконгу ад дамаганьняў Кітаю.

Што цяпер з гэтым законапраектам?

23 кастрычніка ўлады Ганконгу афіцыйна адклікалі законапраект. Аднак гэта не спыніла пратэстаў.

За месяцы ранейшых пратэстаў на вуліцах гораду неаднаразова ўзьнікалі сутычкі паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Паліцыянты ўжывалі сілу для разгону актывістаў і адзін раз выкарысталі агнястрэльную зброю. Раненьне атрымаў адзін чалавек. Тысячы ўдзельнікаў акцый атрымалі лёгкія раненьні і траўмы, а больш за дзьве з паловай тысячы былі арыштаваны. Іх вызваленьне цяпер зьяўляецца адным з патрабаваньняў пратэстоўцаў да ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG