Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганконг афіцыйна адклікаў законапраект, які выклікаў масавыя пратэсты


Дэманстранты ў Ганконгу прыкрываюцца парасонамі. Парасон стаў сымбалем пратэстнага руху ў аўтаноміі.

Улады Ганконгу афіцыйна адклікалі законапраект аб экстрадыцыі правапарушальнікаў, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах, на мацерыковы Кітай. Пра гэта заявіў міністар бясьпекі аўтаноміі Джон Лі.

У пачатку лета дакумэнт выклікаў шматлікія пратэсты жыхароў Ганконгу. Крытыкі дакумэнта казалі, што ён мог быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскага правасудзьдзя дысыдэнтаў і несправядліва перасьледаваных людзей.

Дэманстрацыі выліліся ў масавы рух з патрабаваньнем дэмакратычных пераўтварэньняў. Адміністрацыя Ганконгу неаднаразова абвяшчала пра адмову ад законапраекту. Аднак пратэстоўцы сталі патрабаваць афіцыйна адклікаць дакумэнт і працягнулі маршы пад лёзунгамі абароны сувэрэнітэту Ганконга ад дамаганьняў Кітаю.

За месяцы пратэстаў на вуліцах горада неаднаразова ўзьнікалі сутычкі паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Паліцыянты ўжывалі сілу для разгону актывістаў і адзін раз выкарысталі агнястрэльную зброю. Раненьне атрымаў адзін чалавек. Тысячы ўдзельнікаў акцый атрымалі лёгкія раненьні і траўмы, а больш за дзьве з паловай тысяч былі арыштаваны. Іх вызваленьне зьяўляецца адным з патрабаваньняў пратэстоўцаў да ўладаў.

Экстрадыцыя з Ганконгу цяпер магчымая толькі на падставе дамоваў, якія былі заключаны яшчэ да пераходу гораду пад юрысдыкцыю КНР. Ганконг, які доўгі час быў брытанскай тэрыторыяй, перайшоў пад сувэрэнітэт Кітаю ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы» да 2047 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG