Эрдаган: Я сказаў Трампу, што Турэччына не адмовіцца ад расейскіх комплексаў С-400

Трамп і Эрдаган у Вашынгтоне, 13 лістапада 2019

Па словах турэцкага лідэра, якія цытуе «Голас Амэрыкі», ён таксама заявіў, што ЗША павінны зьмяніць «бескампрамісную пазыцыю» адносна зьнішчальнікаў F-35.

Турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган паведаміў у аўторак, што падчас перамоваў з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам ў Вашынгтоне на мінулым тыдні ён сказаў яму, што Турэччына не адмовіцца ад расейскіх супрацьракетных комплексаў С-400, закупленых у гэтым годзе, нягледзячы на пратэсты саюзьніка па NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На слуханьнях па імпічмэнце прэзыдэнта ЗША выступіць былы спэцпрадстаўнік ва Ўкраіне. УЖЫВУЮ 

Эрдаган і Трамп правялі перамовы ў Белым доме ў спробе пераадолець усё большыя рознагалосьсі паміж саюзьнікамі.

Вашынгтон заявіў, што комплексы С-400 ўяўляюць пагрозу для амэрыканскіх зьнішчальнікаў F-35, і адхіліў Турэччыну ад удзелу ў праграме па стварэньні гэтых самалётаў. ЗША таксама папярэдзілі Анкару аб магчымых санкцыях, але пакуль не ўвялі іх.

Выступаючы перад чальцамі сваёй Партыі справядлівасьці і разьвіцьця, Эрдаган таксама сказаў, што ён заявіў Трампу, што калі ЗША захаваюць сваю «бескампрамісную пазыцыю» ў дачыненьні да F-35, Турэччыне давядзецца шукаць альтэрнатыву для сваіх патрэбаў ў абароннай сфэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом: ЗША не плянуюць выходзіць з альянсу з сырыйскімі курдамі